Пастаўскі суд прысудзіў журналісту Змітру Лупачу 42 базавыя



42 базавыя велічыні штрафу прысудзіў суд Пастаўскага раёна журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу. За супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” яго ў Паставах судзілі ўжо ў трэці раз, і ўсё тая ж самая суддзя Наталля Максімовіч. На гэты раз уладам не спадабаўся сюжэт пра вёску Ярэва Пастаўскага раёна, які Зміцер зрабіў для перадачы “Суб’ектыў”.

Прыцягваўся да аказнасці журналіст па ўсё тым жа сумнавядомым артыкуле 22.9 КаАП, частка 2.  За быццам бы незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Зміцер Лупач распавядае, ці чакаў такога вялікага штрафу ад суда:

– Вядома, што чакаў. Бо гэта ўжо 19-ы суд па гэтым артыкуле. І, вядома, яны ж лічаць, што мы мусім выпраўляцца, а калі не – то трэба павялічваць пакаранне. Таму яны арыентаваліся на апошні прысуд. Толькі цяпер ён атрымаўся большы па грашах, таму што павялічылася базавая з новага года.

На судзе Зміцер Лупач падаў хадайніцтва, каб у працэсе ўдзельнічаў у якасці эксперта праваабаронца Павел Левінаў. Але хадайніцтва суддзя адхіліла.

Кажа Павел Левінаў:

– Параіўшыся, яны вырашылі адмовіць. Пасля таго як адмовілі, я, па праўдзе, узрадаваўся, бо падумаў, што суддзі самі змогуць прыняць рашэнне паводле нормаў права, але, на жаль, гэтага не адбылося. Усё адбылося як заўсёды. Суд паказаў сваю поўную некампетэнтнасць, непісьменнасць і залежнасць ад выканаўчай улады.

Нагадаем, Змітра Лупача па артыкуле 22.9 КаАП у мінулым годзе судзілі чатыры разы,  апошні суд быў у снежні ў Віцебску. А сёлета Зміцер стаў першым журналістам-фрылансерам, якога судзілі за прафесійную дзейнасць у Беларусі. Як і два гады таму менавіта з яго распачаліся “судзілішчы” над незалежнымі журналістамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя