Пастаяла побач з плакатамі – штраф 810 рублёў
На 30 базавых велічынь аштрафавалі ўдзельніцу ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня з Наваполацку.
Алену Радзькову прызналі вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні 28-га траўня, бо міліцыянт склаў пратакол, заўважыўшы спадарыню побач з плакатамі «Не забудзе Беларусь парад-2020!», «Слуга, сыходзь, – народ прыйшоў!» ды выявай закрэсленага прусака. На судовым працэсе гэты супрацоўнік міліцыі не змог давесці, якое дачыненне мае актывістка да з’яўлення гэтых плакатаў. Паводле Алены Радзьковай, яна проста падышла да калегаў – збіральнікаў подпісаў за вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай:
– Я проста назірала за зборам подпісаў, і ніякага дачынення да гэтых плакатаў не маю. І суддзя, здаецца, разумела, што ўсё гэта –лухта, і доказаў супраць мяне няма, што я гэтыя плакаты прывезла або зрабіла… Але потым, як звычайна ў Балаболавай, адчыняецца нататнік, дзе ўжо ўсё загадзя запісана. 30 базавых, і ўсё!
З суддзёй Зінаідай Балаболавай актывістцы даводзілася сустракацца і раней. 22 траўня Алену Радзькову аштрафавалі на 8 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Тады яе таксама прызналі ўдзельніцай несанкцыянаванага пікета.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск