Пастаяў побач з плакатам “Свабоду Ціханоўскаму” – плаці штраф!
У судзе Чыгуначнага раёну аштрафавалі віцебскага актывіста Аляксандра Іллінца.
Суддзя Алена Цыганкова прызнала яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала на 40 базавых велічынь. Толькі за тое, што ён пастаяў 12 мінут побач з плакатам “Свабоду Ціханоўскаму” на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай.
– 30-га траўня прысутнічаў – як сказалі ў судзе – на несанкцыянаваным пікеце. Дзе быў плакат “Свабоду Ціханоўскаму!” і выява перакрэсленага прусака. Атрымайце за гэта 40 базавых! Ніякіх размоваў пра палітыку, нічога такога там не было.
Аляксандр Іллінец – удзельнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Ганну Канапацкую. Да пікета ў падтрымку Ціханоўскай ён падыходзіў, каб паразмаўляць з калегамі. Суд прызнаў яго вінаватым з другой спробы: 1-га чэрвеня суддзя Алена Цыганкова не знайшла падставаў, каб асудзіць актывіста, і накіравала дакументы справы на дапрацоўку ў міліцыю. Перад тым ён правёў суткі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск