Паступіць у вучэльні стане прасцей



Спрошчаныя ўмовы паступлення ў сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы. Цяпер для тых, хто хоча вучыцца ў сярэдне-спецыяльных навучальных ўстановах, дастаткова «тройкі» па беларускай ці рускай мове, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску пра змяненні ў правілах паступлення Аляксандр Лашук, кіраўнік упраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі.

– Што тычыцца 9-ці і 11-класнікаў, то ім спрошчаны ўмовы ў той частцы, дзе распаўсюджваліся абмежаванні на мінімум 4 балы па рускай і беларускай мовах і профільным прадмеце. Зараз абмежаванні па мовах знятыя. Грамадзяне дастаткова часта да нас звярталіся, для іх праблемы “тройкі” ў атэстаце па рускай і беларускай мовах былі дастаткова істотнымі.

Паводле яшчэ аднаго прадстаўніка Мінадукацыі Сяргея Каспяровіча, змены ў правілах паступлення, якія ўтрымліваюцца ва ўказе кіраўніка дзяржавы, падпісанага 9 студзеня, «прадыктаваныя жыццём», бо адбор маладых людзей будзе весціся «менавіта на вострадэфіцытныя, запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці».

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя