Паступіў загад „мяцеліць” усіх без разбору
На цэнтральную плошчу ў Глыбокім увечары 11 жніўня выйшлі адны міліцыянты і АМАП. Апошнія ва ўсім абмундзіраванні атачылі возера Кагальнае ў цэнтры горада, дзе 10 жніўня сабралася каля 200 пратэстоўцаў, якія скандавалі “Жыве Беларусь!”. У горадзе з’явіліся надпісы “3% сыходзь!” Міліцыянты на машынах пачалі патруляваць нават глухія і тупіковыя вуліцы.
На фота: замазаны надпіс 3% на кіёску „Табакерка”
Кажа наш карэспандэнт з Глыбокага Таццяна Смоткіна:
– Увесь цэнтр у Глыбокім быў перакрыты міліцыянтамі і амапаўцамі. Яны стаялі групамі па 2-5 чалавек і назіралі навокал за людзьмі, якія ішлі мімаходзь. І калі людзі збіраліся групамі, да іх ужо былі пытанні з боку міліцыянтаў. Таксама міліцыя, АМАП і аўтазак дзяжурылі на дзіцячай пляцоўцы “Брыганціна”, каля якой 11 жніўня меліся сабрацца людзі.
Кіроўцы выказвалі незадаволенасць дзеяннямі ДАІ і пыталіся, чаму закрыты такі вялікі кавалак горада, на што міліцыянты нічога не адказвалі і казалі, што ўжо зранку 12 жніўня ўсё будзе адкрыта. Пад вечар было бачна, што людзі актывізуюцца, але сабірацца разам у вялікай колькасці не рызыкуюць. Але нягледзячы на гэта, у Глыбокім быў хапун. Я на свае вочы бачыла, як непадалёк ад касцёла і парка каля садка №4 хапалі людзей. Некалькіх запіхалі ў машыну, а дваіх з роварам павёў асабіста начальнік Глыбоцкага ІЧУ Віктар Адамовіч.
Як кажуць відавочцы, каля таго месца 10 жніўня таксама затрымлівалі людзей, але многім удалося ўцячы. 10 жніўня ў Глыбокім затрымалі каля 30 чалавек, частка з іх была адпушчаная пасля тлумачальных гутарак.
На фота: затрыманне людзей непадалёк ад касцёла і парка каля садка №4
Як паведамлялі глыбачане, некаторыя з іх чулі размовы сілавікоў, якія вагаліся, што ім рабіць. Адзін з іх сказаў, што паступіў загад “мяцеліць” усіх без разбору. Так яны і зрабілі 11 жніўня позна ўвечары. Сілавікі хаваліся ў кустах па некалькі чалавек у цэнтры горада ў парках і нападалі на моладзь, якая праходзіла па горадзе кампаніямі, і білі іх.
Беларускае Радыё Рацыя