Пасяджэнне часткі аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прайшло без Статкевіча



Пасяджэнне часткі аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прайшло 12 сакавіка без удзелу прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі).

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сёння „праходзіла пасяджэнне аргкамітэта”, у якім не ўдзельнічалі прадстаўнікі БНК (яны выступаюць за правядзенне не толькі мітынгу і канцэрта, але і шэсця. — БелаПАН.). Паводле яго слоў, у пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, іншых арганізацый і „іншыя важныя асобы”.

Адзін з сустаршыняў БНК Мікалай Статкевіч, які лічыць, што 25 сакавіка ў Менску павінна прайсці шэсце, заявіў БелаПАН, што пра сённяшняе пасяджэнне аргкамітэта „не чуў”. „Звычайна мы прызначаем чарговае пасяджэнне аргкамітэта на папярэднім. Яно было прызначанае ў лютым на 5 сакавіка, мы яго правялі. З улікам форс-мажорных абставінаў наступнае пасяджэнне мы не прызначалі”, — сказаў ён.

Палітык лічыць, што з-за розных поглядаў на фармат правядзення акцыі 25 сакавіка аргкамітэт распаўся на дзве часткі. „Яго падзялілі на дзве групы. Хтосьці рыхтуе шэсце, хтосьці — займаецца канцэртам. Але заклікаць да сумеснага пасяджэння мы не хочам з 5 сакавіка. Не ведаю, як выйсці з гэтай сітуацыі. Мы працуем над арганізацыяй шэсця, чакаем адказу на заяўку аб яго правядзенні”, — сказаў ён.

Як лічыць Статкевіч, дамоўленасць пра аднаўленне працы агульнага аргкамітэта „можа быць” дасягнутая, але незразумела, „пра што ўжо можна дамаўляцца”. „Я не бачу прадмета дамоўленасцяў. Ёсць два мерапрыемствы калісьці агульнай акцыі. Яны зараз разведзеныя ў часе (пачатак шэсця і мітынгу 25 сакавіка анансаваўся адпаведна на 12.00 і 14.00. — БелаПАН.). „Кіраўнікі некалькіх партый пайшлі на сепаратныя перамовы з уладамі. Мы прыйдзем да месца правядзення канцэрта, на гэтым наша частка ўдзелу ў Дні Волі будзе завершаная. Калі з’явіцца агульная тэма, будзем абмяркоўваць”, — сказаў ён.

Такім чынам, 25 сакавіка ў Менску розныя арганізатары плануюць правесці шэсце, мітынг і канцэрт. Гэта вынікае з заяў актывістаў апазіцыі, якія падзяліліся ў дачыненні да таго, як адзначаць 100-годдзе абвяшчэння БНР.

Першую заяўку на святкаванне гэтага юбілею падалі ў Менгарвыканкам 25 студзеня прадстаўнікі 13 партый і арганізацый. Яны прасілі дазволіць правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта ў цэнтры горада. Сталічныя ўлады забаранілі святкаванне ў такім фармаце, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што заяўнікі дапусцілі шэраг парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Наступная заяўка была пададзеная 28 лютага прадстаўнікамі пяці арганізацый (Аб’яднаная грамадзянская партыя, аб’яднанне „БНФ „Адраджэньне”, рух „За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і асветніцкая ўстанова „Амарока”). 2 сакавіка яны наведалі Менгарвыканкам, дзе ім быў дадзены станоўчы адказ.

Трэцяя заяўка на правядзенне ў цэнтры сталіцы шэсця была пададзеная ў Менгарвыканкам 7 сакавіка актывістамі аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

belapan.by