Пасёлак МОФ – як паміж Сцылай ды Харыбдай



Жыхары пасёлка МОФ, што месціцца ў некалькіх кіламетрах ад Менску па Магілёўскай шашы, збіраюцца падаць наглядную скаргу ў абласны суд наконт адмены рашэння суда Менскага раёна. Дзяржаб’яднанне “Мінскэнэрга”, спасылаючыся на недахоп сродкаў, адмаўляецца правесці рамонт і адвесці лініі ЛЭП, што праходзяць праз гароды і ля хат 800 жыхароў.

q2

Электралініі не рамантаваліся з 1964 года, аж да таго, што слупы з аголенымі дратамі ляжаць прама на зямлі, пагражаючы жыццю. Аднак гэта далёка не адзіная праблема ў мястэчку, назва якога паходзіць ад пачатковых літар сталічнай фабрыкі гародніны.

…Такога я не сустракаў нават у часе сваіх шматлікіх вандровак па кінутых вёсках вакол Чарнобыля. Там у паселішчах няма людзей, але засталіся дарожныя ўказальнікі і адпаведныя пазнакі на мапах. Тут жа на гэтыя зручнасці не спадзяюцца ўжо за чатыры дзесяцігоддзі ад заснавання. Чалавек  неабазнаны апынаецца, як у казцы – “ідзі немаведама куды, знайдзі немаведама што”. Мне, зрэшты, дарогу да МОФа дапамаглі знайсці людзі, што тоўпіліся ля фірмовага шапіка фабрыкі гародніны.

q1

Дарэчы, таматы, гуркі ды баклажаны там утрая танней, чым у крамах.  Іду болей за км да МОФ па сцяжыне, паабапал якой агароджы з бетону ды калючага дроту – адпаведна ад фабрыкі гародніны і электрадэпо  метрастанцыі „Магілёўская”. Упіраюся ў тупік, дзе й сустрэўся са сп. Ірынай Віяленцій, вядомай у мінулым жэньшэневодам ды арганізатаркай мясцовага супраціву. Разам з ёй вандруем па пасёлку.

Сп. Ірына: Юрыдычна пасёлка няма. Будаваўся ў 60 гады, так і называўся „Менскай фабрыкі гародніны”. І прапіска такая, рэгістрацыя. А на карце намаляваныя кубікі, што нешта ёсць, а якая назва – няма. У Навадворскім сельсавеце дадумаліся – перадалі ў вёску Сціклева, вуліца Фабрычная. А палова людзей прапісана ў Сціклеве, палова ў МОФ. У мяне, напрыклад, прапіска ў МОФ, а зямля каля хаты прыватызаваная – на вуліцы Фабрычнай. Хоць кампактна праглядаюцца нашы 2 старыя вуліцы і 4 шматкватэрныя дамы. Пражывае ўся тысяча. Дык адзін дом – пасёлак МОФ, суседні – вёска Вялікі Трасцянец,  інтэрнат адносіўся да “11 км” па Магілёўскай шашы! А яшчэ адзін дом – палова ў вялікім Трасцянцы, палова – у МОФе. Мая дачка цяжка захварэла, выклікалі „хуткую дапамогу” – цэлую гадзіну не магла знайсці! Імя трэба пасёлку даць!

q4

Сустракаемся з цэлай плеядай Дуброўскіх – пажылой Соф’яй Кліменцьеўнай, дачкой Ірынай з мілай сабачкай. Падыходзіць і Святлана, пачуўшы “тэму”.

Дуброўскія: А ўзімку тратуар не чысцяць. З паліклінікі ішла – 3 разы ўскараскалася ледзь на снег, вымазалася… У нас увечары слупы не гараць, так што незалежна ад узросту, асабліва ўзімку, сустракаем адно аднаго. Пры чым, як шахцёры ў шахце, прывязаўшы да галавы ліхтарыкі…Мы сталі жыць у рэзервацыі – прамысловасць нас задушыла. Тое, што мы тут ёсць, ніхто не думае. Мне б хацелася пад’ехаць да сваёй хаты бліжэй, асабліва калі ноччу вяртацца. Пра краму і не марым. Хаця б сметніца стаяла!.. Ва ўсіх вёсках і пасёлках знаходзіцца шапік, дзе можна купіць тую ж ваду, цыгарэты. А ў нас за 2 км! А калі старыя людзі не могуць дайсці, кульгаюць?! Вялікія грузы ходзяць, разбіваюць дарогу, аж на ровары не праехаць – яміна на яміне. А во легкавая ідзе – хуткасць 5 км…

Нам „пашанцавала” – услед грукатаў, ідучы на ўсю шырыню дарогі МАЗ з прычэпам. Спадарыня Ірына кінулася да кіроўцы, як на амбразуру:

– Вы адмыслова сюды прыехалі разварочвацца, як і многія?!  Адзін раз жанчыне было дрэнна, а на дарозе было фур настаўлена. Дык „хуткая дапамога” не магла заехаць у пасёлак. І жанчыну неслі да перакрыжавання з кіламетар… Калі мы ўбачылі, што ставяць агароджу на наш пешаходны тратуар, мы выйшлі і перакрылі дарогу на дзве з паловай гадзіны. Прыехалі даішнікі, старшыня Навадворскага сельсавета і землеўкладальнік. І ў прысутнасці многіх сказаў, што зямля захоплена Буракоўскім, дырэктарам НДІ, дзе раней рабілі піва, а цяпер віно разліваюць. Мы тады не далі ім класці пліты. А праз дзень Буракоўскі сказаў, што ў яго ёсць дазвол. Нас засталося зверху заліць бетонам…

Соф’я Кліменцьеўна  Дуброўская дадае:

– Тут засталіся пенсіянеры – хачу напісаць ліст, канверту няма дзе купіць. А ўжо па хлеб у краму! Добра, з дзецьмі пасялілася. Жахлівае становішча! Дзеці  ідуць пешаком са школы. Лужыны, дрыгва вакол. Ані да пошты, ані да аптэкі, ані да крамы не дабрацца. І да тае паліклінікі, як хочаш. Дык зараз дамагліся абслугоўвання ў 17 менскай паліклініцы…за грошы! На кожны прыём да тэрапеўта вымушаныя заключаць камерцыйную дамову, як іншагароднія ці іншаземцы!.. На 400 метраў пасёлак разразае фабрыка гародніны і з трох бакоў агароджаны платамі з калючым дротам – ледзь не па самыя вокны. Мы ў канцлагеры знаходзімся! Розніца толькі ў тым, што зэкі па заканчэнні тэрміна могуць выйсці, а мы пажыццёва закаваныя!

Суразмоўцы  добра разумеюць, што сітуацыя ў МОФе – яскравая праява, як яны кажуць, „палітычнага бязмежжа ў краіне”.

–Хто нас за людзей лічыць? Праехаў чалавек па Маскоўскай трасе, за кранты і туды, бо Лукашэнка ехаў, усюды ўсё заблакіравалі. Кормім дармаедаў – жах!.. Цяпер крызіс, грошай няма, дык апарат трэба скараціць на дзве трэці! А пайдзі ў райвыканкам, з табой гавораць пагардліва – я чыноўнік, ты – дурань. Ты ім гаворыш, а яны каву п’юць!

Прыканцы ізноў пра самую надзённую праблему з электрычнымі слупамі кажа Ірына Віяленцій, што ад імя жыхароў хадзіла ў суд Менскага раёна:

q11

– Аргументаў і адказу на пытанні няма – проста “адмовіць”! Прыехалі з электрасетак – дзе змаглі дабрацца, гнілыя слупы памянялі. А дзе не – ляжаць на зямлі разам з ідучым па дратах “токам”. А мы ж побач ходзім, гароды праполваем, дзеці гуляюць. Лінію трэба пераносіць! Дык яны чакаюць пакуль каго-небудзь не заб’е!

Жыхары пасёлка ў адстойванні сваіх правоў вырашылі дайсці аж да Вярхоўнага суда. Аднак каму і навошта патрэбная ўлада, што нават не апускаецца да вырашэння надзённых праблем людства?! Міжсобку кажуць жыхары МОФ.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара