Патрэбная канкурэнцыя на рынку медычных паслугаў



Міжнародная арганізацыя аховы здароўя хваліць сістэму беларускай медычнай апекі. Многія грамадзяне Беларусі на медыцыну наракаюць. Аналіз плюсаў і мінусаў беларускай аховы здароўя прадставіў эксперт цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня у сваім артыкуле на ангельскамоўным партале Беларус Дайджэйст. Нельга адназначна ганіць беларускую медыцыну, бо за апошнія гады яна дасягнула пэўных поспехаў, – адзначае Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Гэта калі мы кажам пра імунізацыю дзяцей, барацьбу з дзіцячай, або мацярынскай смяротнасцю, і, што істотна, усё ж такі беларуская сістэма аховы здароўя застаецца дастаткова даступнай для звычайных людзей. Гэтым яна адрозніваецца ад іншых краінаў у Еўропе, а таксама ад Злучаных Штатаў, дзе ахова здароўя з’яўляецца менш даступная. Таму ёсць некаторыя рэчы, дзякуючы якім, можна сказаць, што беларуская сістэма аховы здароўя з’яўляецца дастаткова паспяховай. Аднак, калі паглядзець з іншага боку, то беларускія паліклінікі і шпіталі часта маюць недахопы кадраў. Паводле міністра здароўя Васіля Жарко, у некаторых раённых цэнтрах 30-40% персаналу адсутнічае. Варта адзначыць, што ў гэты персанал паліклінікаў улічваюцца і пенсіянеры. Фактычна можна казаць, што многія беларускія паліклінікі працуюць пры адсутнасці паловы персаналу. І гэта, натуральна, абумоўлівае, што часта людзей не могуць трапіць да лекараў у нейкім, напрыклад, рэгіянальным горадзе, бо такога лекара ў мясцовай медычнай установе проста няма. І гэта велізарная праблема для беларускай медыцыны, і ўсё гэта звязана з тым, што вельмі нізкія заробкі ў гэтай галіне. Некалькі месяцаў таму, па падліках Белстату, яны складалі 325 даляраў, гэта сярэдні заробак у гэтай галіне. Таму большасць медычнага персаналу вымушана працаваць на паўтары стаўкі, каб такім чынам мець магчымасць забяспечваць сваі сям’і.

РР: Калі рэфармаваць беларускую медычную сістэму, то на якім шляху рэфармаваць?

Рыгор Астапеня: Параўноўваючы з Польшчай, тут варта сказаць, што сапраўды шмат якія праблемы ёсць і ў Беларусі, і ў Польшчы. Асабліва адносна велізарных чэргаў. Але ў Польшчы дактары зарабляюць у тры разы больш, чым у Беларусі. І гэта істотна паказвае велізарную розніцу стаўлення медычнага персаналу. Медычная сістэма ў Польшчы рэфармуецца, усё болей і болей з’яўляецца прыватных медычных центраў, што стварае канкурэнцыю на рынку. А ў Беларусі 95% паліклінікаў застаюцца ў руках дзяржавы. Безумоўна, нам патрэбна рэфармаваць гэта і ствараць больш магчымасцяў для паўставання прыватных медычных цэнтраў, якія б рабілі канкурэнцыю на рынку. Сённяшняя сістэма функцыянуе такім чынам, што многія лекары проста не згодныя працаваць за нізкія заробкі ў дзяржаўных паліклініках. І таксама многія грамадзяне ўжо гатовы да таго, што будуць плаціць больш у прыватных медычных цэнтрах, але хацелі б атрымаць лепшыя паслугі. Бо шмат хто ў Беларусі сутыкаецца з тым, што немагчыма атрымаць бясплатныя рэкамендацыі ўласнага доктара, што ён не можа вызначыць дыягназ, у яго абмежаваная колькасць хвілінаў, якія ён мусіць прысвяціць кожнаму пацыенту. Таму нам прыйдзецца ствараць прыватныя медычныя цэнтры.

РР: Напэўна пытанне любых зменаў, гэта пытанне перадусім палітычнае?

 Рыгор Астапеня: Так, безумоўна, тут ёсць палітычныя рэчы. Але я не звязваў бы праблему аховы здароўя, напрыклад, з Аляксандрам Лукашэнкам. Бо гэта ўсё ж такі праблема самой сістэмы, то бок, не толькі кіраўніцтва краіны гэта вызначае. Гэта і кіраўніцтва міністэрства аховы здароўя, гэта таксама кіраўніцтва некаторых паліклінікаў, якія часта наракаюць на вышэйшае кіраўніцтва, але адначасова праводзяць палітыку, якая таксама замінае рэфармаванню. І таму гэта не толькі палітычнае рашэнне, але і ментальнае рашэнне усяго грамадства.

Беларусь пакінула амаль нязменнай сістэму аховы здароўя, якая дасталася ёй ад Савецкага Саюзу. Аднак эканамічныя праблемы апошніх гадоў змушаюць беларускія ўлады штораз больш абмяжоўваць фінансаванне медыцыны.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя