Патрыярх беларускай эміграцыі Барыс Кіт адзначае 107 гадоў
Дзеячу беларускай эміграцыі Барысу Кіту, які апошнія дзесяцігоддзі жыве ў Франкфурце-на-Майне, споўнілася 107 гадоў.
Прыкладна год таму, калі яму спаўнялася 106, беларуска Раіса Унукава, якая жыве ў Бельгіі, прачытала пра яго ў прэсе. Знайшла ягоны тэлефон і павіншавала славутага суайчынніка з днём нараджэння. З таго часу яны стэлефаноўваюцца некалькі разоў на тыдзень.
Раіса Унукава распавяла пра свае дыялогі з Барысам Кітам.
– На жаль, Барыс Уладзіміравіч ужо кепска бачыць – што ж вы хочаце: праз пару тыдняў яму стукне 107 гадоў! – гаворыць Раіса. – Таму я расказваю яму пра навіны, ён з радасцю слухае, успамінае падзеі, звязаныя з тым ці іншым момантам. Калі здымае трубку, я заўсёды пытаюся: “Як вы?” І чую ў адказ: “Яшчэ жыву!..”
Нядаўна патэлефанавала.
– Яшчэ жыву! – і шчаслівы, радасны смех. Рады, што можна паразмаўляць, ды яшчэ і па-беларуску. Ягоная сяброўка Тамара цяжка хварэе і цяпер рэдка прыходзіць, а рускамоўная Ірына, валанцёр, якая прыходзіла да яго амаль кожны дзень, пасля цяжкай аперацыі знаходзіцца ў санаторыі. Барыс Уладзіміравіч не можа хадзіць, а ў інвалідным вазку не шмат парухаешся. Таму ён увесь час сядзіць у маленькім пакойчыку, у чатырох сценах…