Патрыярх Кірыл: Спадзяюся, праваслаўе захавае адзінства
15 кастрычніка кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці. Пасля двухбаковай размовы з патрыярхам Кірылам кіраўнік дзяржавы сустрэнецца з чальцамі Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода БПЦ.
Пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі патрыярх Кірыл і іншыя іерархі адправяцца ў Менскае епархіяльнае ўпраўленне, дзе адбудзецца пасяджэнне Свяшчэннага Сінода.
Напярэдадні візіту кіраўніка РПЦ старшыня сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда выступіў з заявай пра тое, што Свяшчэнны Сінод на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Менску „дасць належную ацэнку” дзеянням Канстанцінопальскага патрыярхату ў дачыненні да аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, якой тая дамагаецца.
Патрыярх Кірыл прыбыў з трохдзённым візітам у Беларусь.
14 кастрычніка патрыярх здзейсніць чын асвячэння менскага храма Усіх Святых, а таксама ў асяроддзі іерархаў усклаў вянок да абеліска на плошчы Перамогі.
* * *
Адразу пасля прылёту ў Менск патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл коратка распавёў журналістам, што стане галоўным на Святым Сінодзе Рускай праваслаўнай царквы, што пройдзе ў беларускай сталіцы 15 кастрычніка.
– Гэта першае пасяджэнне таксама і ў гісторыі нашай царквы на беларускай зямлі. Нам давядзецца вырашыць шмат розных пытанняў, у тым ліку адрэагаваць на тое, што адбываецца ў сям’і праваслаўных цэркваў, і на тую сітуацыю, што складваецца ва Украіне. Я спадзяюся, што Праваслаўная царква знойдзе ў сабе сілы пераадолець тыя крызісныя з’явы, што існуюць, і захаваць адзінства, якое так неабходна для духоўнага адраджэння нашых народаў. Няхай бласлаўленне Божае будзе над беларускай зямлёй.
Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату 11 кастрычніка пацвердзіў, што пачынае прадастаўленне аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве. Патрыярх Варфаламей скасаваў дзеянне граматы 1686 года, па якой Кіеўская метраполія была пераведзеная ў Маскоўскі патрыярхат.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск