Патрыярх Варфаламей падпісаў томас для адзінай царквы Украіны
5 студзеня ў турэцкім Стамбуле (гістарычным Канстанцінопалі) усяленскі патрыярх Варфаламей падпісаў томас пра аўтакефалію для Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ). Працэдура прайшла ў Патрыяршым храме святога Георгія.
На цырымоніі падпісання прысутнічалі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій і іншыя афіцыйныя дзяржаўныя асобы Украіны.
Царкоўную дэлегацыю Украіны ўзначальваў прадстаяцель ПЦУ Епіфаній. Украінскія святары і герархі бралі ўдзел у набажэнстве і спявалі на літургіі па-украінску.
Варфаламей і Епіфаній
Напомнім, што 15 снежня ў Сафійскім саборы ў Кіеве прайшоў аб’яднаўчы сабор, на ім быў абраны кіраўнік памеснай Украінскай праваслаўнай царквы Епіфаній.
Беларускае Радыё Рацыя