Патрыярх Варфаламей: РПЦ кажа пра раскол, а мы – пра любоў!



Усяленскі патрыярх Варфаламей параіў Рускай праваслаўнай царкве прызнаць аўтакефалію ўкраінскай царквы. Пра гэта ён заявіў у час літургіі ў кафедральным саборы Святога Георгія ў Стамбуле, піша грэцкае выданне Proto thema.

Усяленскі патрыярх адзначыў, што Канстанцінопаль імкнецца развязаць царкоўную праблему Украіны, што стала нагодай для яго канфлікту з „сястрынскай” царквой. „Калі нашы паўночныя браты кажуць пра раскол, мы гаворым пра любоў… Ёй (РПЦ) цяжка зразумець, як Усяленскі патрыярхат вызваліў так шмат народаў на Балканах, аслабіўшы свой уплыў, але прызнаўшы іх права на ўнутранае самакіраванне… Маскве таксама варта прызнаць, што ўкраінскі народ, які некананічным чынам знаходзіўся цягам некалькіх стагоддзяў у іх юрысдыкцыі…мае права на аўтакефалію”, – расказаў ён.

Патрыярх Варфаламей падкрэсліў, што „народ колькасцю амаль 50 мільёнаў мае права на сваю духовую незалежнасць”.

Напомнім, што 11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату пастанавіў вярнуць Украіну пад сваю юрысдыкцыю, адмяніўшы свой жа ўказ ад 1686 года пра перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскве, і зняў анафему з лідараў дзвюх украінскіх цэркваў.

У звязку з гэтым РПЦ 15 кастрычніка разарвала еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім патрыярхам, а 20 кастрычніка абвесціла Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея раскольнікам па царкоўных канонах. 3 лістапада прэзідэнт Украіны і Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісалі пагадненне пра супрацу, якое, на думку Парашэнкі, завяршае працэс – каб прадастаўленне томаса адбылося па ўсіх канонах праваслаўнай царквы”.

Беларускае Радыё Рацыя