Пацярпелы ад выбуху ў менскім метро стварае грамадскую камісію па расследаванні



Пацярпелы падчас выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 года Самвел Саакян стварае грамадскую камісію па расследаванні гэтага тэракту. Ён лічыць, што сапраўднага следства так і не адбылося. Не выяўленыя замоўнікі, арганізатары злачынства.

З Самвелам Саакянам гутарыў карэспандэнт Радыё Рацыя Генадзь Барбарыч:

РР: Што вас прымусіла зноў вярнуцца да тэмы выбуху ў менскім метро, у выніку якога вы пацярпелі?

— Я ніколі гэтай тэмы не забываў і заўсёды займаўся расследаваннем гэтага злачынства. Ёсць факты, якія сведчаць, што гэтае злачынства цалкам не раскрытае. Мы пачалі фармаванне грамадскай камісіі, гэта такое грамадскае фармаванне, якое не мае статусу грамадскага аб’яднання. То бок у нас няма статуту і арганізацыйных мэтаў. Мэта тут толькі адна: група грамадзян хоча ведаць праўду. Чаму? Літаральна некаторы час таму я звяртаўся ў Вярхоўны суд з просьбай прадставіць мне доступ да матэрыялаў справы ў парадку закона аб архівах, то бок не ў працэсуальным парадку. У выніку былі парушаны мае правы на прадстаўленне інфармацыі. А суддзя, які падпісаў адказ, Гураў, парушыў некалькі артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса. Адмыслова для яго я даводжу, што ў вольны час ён можа азнаёміцца з артыкулам 9.6 КаАП «аб адмове ў прадстаўленні грамадзяніну інфармацыі», парушэнне заканадаўства аб звароце грамадзян, незаконная адмова ў доступе да архіваў і архіўных дакументаў. Таксама суддзя можа азнаёміцца з артыкулам 204 Крымінальнага кодэкса «адмова ў прадстаўленні грамадзяніну інфармацыі, які прывёў да нанясення істотнай шкоды правам,  свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна.

РР: Чым суддзя аргументаваў сваю адмову? Суд жа быў адкрытым.

—  Ён аргументаваў гэта тым, што пацярпелы Саакян азнаёміўся з з усім аб’ёмам матэрыялаў па справе, якія яму прадставілі. Я не аднойчы заяўляў, што не толькі мне, але і шмат каму яшчэ не прадстаўлялі поўнага аб’ёму інфармацыі. Фактычна 564 тамы за два дні вывучыць нерэальна. Таксама ў сваім адказе ён спрабаваў пазбегнуць свайго непасрэднага абавязку паведаміць пракурору пра факты, якія былі выкладзены ў маёй заяве. А ў маёй заяве былі выкладзены факты, што гэтае злачынства працягваецца, ёсць іншыя непасрэдныя ўдзельнікі гэтага злачынства і іх трэба шукаць. І пра гэта ён паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса быў абавязаны паведаміць пракурору. Але гэтага абавязку не выканаў. У сувязі з гэтым мне прыйшлося звярнуцца ў КДБ Беларусі і, шчыра кажучы, я быў здзіўлены рэакцыяй супрацоўнікі прыёмнай, які мяне прымаў. Я паведаміў, што ёсць іншыя асобы, якіх трэба знайсці, а мне адказалі, што мы вас адпускаем, а вы напішыце пісьмовую заяву і адпраўце нам поштай. Калі грамадзянін прыходзіць і заяўляе пра злачынства, і яго ў гэты ж момант не дапытваюць, дык пра што гэта сведчыць? Гэта сведчанне таго, што сістэма ўлады канчаткова развалілася, органы фактычна не ўмеюць працаваць, або яны ведаюць, хто гэта зрабіў і хаваюць інфармацыю ад грамадскасці.

 Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя