Паўла Севярынца будуць судзіць
Паўла Севярынца 15 верасня выклікаюць у Цэнтральнае РУУС Менска ў сувязі з яго ўдзелам у сталічнай акцыі супраць беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017”, якая прайшла 8 верасня.
Як паведаміў Севярынец БелаПАН, іск яму прыйшоў на хатні адрас бацькоў у Віцебску. „Відаць, міліцыя хоча аформіць пратакол. Я туды не пайду, бо гэта страта часу. Хутчэй за ўсё, бліжэй да 20 верасня будзе і суд”, — сказаў ён.
Севярынец таксама паведаміў, што выклікі ў міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыі прыйшлі яшчэ як мінімум двум актывістам — Леаніду Кулакову і Грэце Сабалеўскай. Апошняя разам з некалькімі іншымі ўдзельнікамі акцыі трымала вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Яна пазней была затрыманая на плошчы Якуба Коласа для праверкі дакументаў.
Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава 13 верасня прызнала актывіста апазіцыі Станіслава Паўлінковіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 8 верасня ў Мінску. І аштрафавала яго ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на 20 базавых велічынь (460 рублёў). Актывіст быў затрыманы ўвечары 10 верасня па месцы працы ў Магілёве і ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Суд над ім пачаўся 11 верасня, але быў перанесены на 13 верасня па хадайніцтве Паўлінковіча для зносін з адвакатам.
Як паведамлялася, у Дзень беларускай вайсковай славы, які адзначаецца 8 верасня, прадстаўнікі апазіцыі правялі ў Мінску вулічныя акцыі. Ініцыятарам адной з іх, не санкцыянаванай уладамі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы, выступіў Мікалай Статкевіч. Яго падтрымаў Беларускі нацыянальны кангрэс (афіцыйна не зарэгістраваная арганізацыя, у савет якой уваходзяць вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы). Улады не перашкаджалі правядзенню акцыі, ніхто з яе ўдзельнікаў не быў затрыманы.