Паўла Севярынца будуць судзіць за акцыю 8 верасня



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца будуць судзіць за ўдзел у дэманстрацыі і мітынгу „Дзень беларускай вайсковай славы”. Гэтая акцыя адбылася ў Менску 8 верасня.

„Судзіць за абарону незалежнасці ў Беларусі – гэта абсурд”, – лічыць Павел Севярынец:

Акцыя была прысвечана абароне незалежнасці Беларусі. Людзі прымалі прысягу, што яны гатовыя абараняць Беларусь паводле Канстытуцыі да апошняй кроплі крыві. Ну і вось тут, калі ласка, судзяць Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева. Я лічу ўсё гэта, канешне, абсурдам. Але рыхтуюся да горшага, разумею, што які будзе загад, такі будзе і прысуд.

Разгляд адміністрацыйнай справы павінен адбыцца 2 кастрычніка ў 10 гадзін у судзе Цэнтральнага раёна Менска, паведаміў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск