Паўла Севярынца не адпусцілі з калоніі на пахаванне бацькі
Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла жонка палітвязня Вольга Севярынец.
«Мы разумелі, што Паўла на пахаванне, хутчэй за ўсё, ніхто не адпусціць, але не спрабаваць не маглі, — напісала Вольга Севярынец.
Мы звярнуліся да хрысціянскіх іерархаў, хтосьці адразу ж адгукнуўся і стараўся дапамагчы, хтосьці сказаў, што дапамагчы не зможа.
Я бачыла, што сябры пісалі запыты ў калонію, каб Пашу адпусцілі. Бачыла, што выказваліся дыпламаты. Мы кожнаму вельмі ўдзячныя. Мы зрабілі, што маглі.
Пашу сказалі, што тата памёр, днём у пятніцу і адразу ж далі патэлефанаваць матулі. Ён напісаў заяву на выезд, тэарэтычна такая магчымасць у зняволенага ў калоніі ёсць, але дазвол яму не далі, сказалі, што цяжкі артыкул. Паша агаломшаны».
Напрыканцы Вольга Севярынец адзначыла: «Буду ўдзячная, калі зможаце падтрымаць Паўла лістамі: 213004, г. Шклоў, вул. 1-ая Заводская, 8, ПК-17, атрад 17. Дзякуем усім за падтрымку. Вельмі сумуем па нашаму Канстанціну Паўлавічу. Вечны яму супакой».
Беларускі журналіст і паэт Канстанцін Севярынец, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей, бацька Паўла Севярынца памёр 1 кастрычніка ад наступстваў COVID-19.