Паўла Севярынца працягваюць трымаць у ІЧУ на Акрэсціна (абноўлена)



Паводле апошняй інфармацыі, 1 сакавіка затрыманых пасля акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў павезлі з ізалятара на Акрэсціна, верагодна на суд, паведамляе spring96.org.

* * * 

Паўла Севярынца, затрыманага напярэдадні акцыі салідарнасці з палітвязнямі, ужо два дні трымаюць у ІЧУ на Акрэсціна. Актывісты і прадстаўнікі СМІ кожны дзень прыходзяць у суд Фрунзенскага раёна, каб падтрымаць лідара БХД, аднак яго не прывозяць.

„1 сакавіка мінае 72-е гадзіны з моманту затрымання Паўла, таму павінна нешта вырашыцца”, – распавядае Зміцер Казакевіч.

– Толькі што я вярнуўся з ІЧУ на Акрэсціна. Мы з Вольгай Севярынец ездзілі перадаваць перадачу для Паўла. Я такога не магу згадаць, каб затрыманыя некалькі дзён чакалі суду. Канешне, хацелася, калі ўжо іх затрымалі, каб усё зрабілі па-чалавечаму: каб аб’явілі, калі будзе суд, каб мы тут не каравулілі другі дзень і не падпіралі сцены ў гэтым судзе. Што датычыць Паўла, заўтра каля пяці вечара сыходзіць 72-е гадзіны з моманту яго затрымання. І ў любым выпадку павінна нешта вырашыцца.

Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязняў. Перад пачаткам акцыі на выхадзе з дому затрымалі Севярынца, а таксама Змітра Паліенку і Насту Гусеву.

26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязняў. Пасля акцыі затрымалі Вольгу Нікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў. 28 лютага затрымалі Маю Навумаву. Суды над імі адбудуцца сёння апоўдні  ў Судзе Цэнтральнага раёна Менска.

Беларускае Радыё Рацыя