Паўла Севярынца ўсё-такі выключылі з Беларускага ПЭН-цэнтра
Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” празаіка Паўла Севярынца выключылі з Беларускага ПЭН-цэнтра. Такое рашэнне прыняла рада грамадскага аб’яднання на пасяджэнні 29 кастрычніка ў Менску, паведаміла БелаПАН першы намеснік старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай.
За тры дні да гэтага склад рады быў практычна цалкам абноўлены. На агульным сходзе членаў Беларускага ПЭН-цэнтра 26 кастрычніка старшынёй аб’яднання абралі віцэ-прэзідэнта Міжнароднага ПЭН-клуба лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч, яе намеснікамі — Таццяну Нядбай, якая ўзначальвала аб’яднанне з 2017 года, Андрэя Хадановіча (кіраўнік ПЭН-цэнтра ў 2009—2017 гадах) і Марыю Мартысевіч (раней была старшынёй кантрольна-рэвізійнай камісіі аб’яднання). Апрача іх у раду таксама абраныя Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Дубавец.
Варта адзначыць, што на агульным сходзе дэлегаты не зацвердзілі прынятае раней рашэнне рады аб выключэнні Севярынца за нявыплату узносаў. Празаік не плаціў іх у знак нязгоды з палітыкай кіраўніцтва арганізацыі, якое, на яго думку, не прымае новых членаў — хрысціянскіх пісьменнікаў, а таксама выказвае марксісцкія погляды і выступае з пазіцый прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў. Перад з’ездам Севярынец пагасіў запазычанасць, каб мець магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў.
Аднаўленне Севярынца выклікала абурэнне значнай часткі дэлегатаў, якія заявілі аб парушэнні працэдуры галасавання па гэтым пытанні і выступілі супраць знаходжання ў шэрагах арганізацыі чалавека, які транслюе гамафобную рыторыку. Пазней частка з іх заявіла аб намеры выйсці з ПЭН-цэнтра.
Паводле слоў Нядбай, на сённяшнім пасяджэнні рады да разгляду пытання аб выключэнні Севярынца „магло не дайсці, калі б Павел не напісаў артыкул аб „культурных марксістах”. „Але паколькі ён напісаў гэты артыкул, дзе акрамя фактаў ёсць ілжывыя звесткі і скажэнне фактаў, то ён даў падставу разгледзець пытанне аб яго выключэнні з пункта гледжання парушэння статута Беларускага ПЭН-цэнтра і прынцыпаў хартыі Міжнароднага ПЭН-клуба”, — растлумачыла першы намеснік старшыні арганізацыі.
Каментуючы бурнае абмеркаванне ў інтэрнэце таго, што пытанне аб членстве празаіка разглядалася ў 82-я ўгодкі расстрэлу больш як 130 прадстаўнікоў беларускай эліты, Нядбай заявіла, што лічыць „блюзнерствам праводзіць паралелі паміж выключэннем Севярынца і Ноччу расстраляных паэтаў”. „Гэта не ўзаемазвязаныя падзеі”, — падкрэсліла яна.
Паводле яе слоў, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які паведаміў аб намеры пакінуць Беларускі ПЭН-цэнтр пасля сітуацыі з Севярынцам, заяву аб выхадзе з арганізацыі не падаваў. „Я б хацела сказаць, што Альгерд Бахарэвіч прынёс прабачэнні Лявону Баршчэўскаму і Уладзіміру Арлову (яны ажыццяўлялі працэдуру галасавання па пытанні аб Севярынцы на агульным сходзе. — БелаПАН.) за рэзкія выказванні на іх адрас, гэтыя прабачэнні былі прынятыя. Мы вельмі рады, што кансалідуемся”, — заявіла Нядбай.
Яна таксама паведаміла, што перад агульным сходам заявы аб выхадзе з аб’яднання падалі галоўны рэдактар часопіса „Наша гісторыя” Андрэй Дынько і аўтар гэтага выдання былы намеснік старшыні ПЭН-цэнтра Андрэй Скурко. „Мы папрасілі іх пацвердзіць сваё жаданне пайсці або застацца, — сказала прадстаўнік аб’яднання. — Скурко пагасіў запазычанасць па ўзносах нават за 2019 год і падаў заяву аб выхадзе. Дынько застаўся вінен Беларускаму ПЭН-цэнтру за тры гады членства і таксама падаў заяву аб выхадзе”.
На сённяшнім пасяджэнні, паводле слоў Нядбай, рада таксама павінна была абмеркаваць 15 прэтэндэнтаў на членства ў аб’яднанні, але гэтае пытанне разгледзець не паспелі.
„Спадзяюся, пасля сённяшняга дня мы здолеем больш прадуктыўна працаваць без медыйнага рэзанансу, які перашкаджаў наяўнай працы. Зразумейце правільна, я не лічу, што медыйны рэзананс — гэта дрэнна, але тое, што апошнія дні і нават месяц быў крыху дэструктыўным, гэта нам усім не дадавала магчымасці працаваць. У любым выпадку ўсе канфлікты, якія здараюцца, спрыяюць большай празрыстасці і больш дакладнай фармулёўцы пазіцый”, — заявіла Нядбай.
Севярынец у „Фэйсбуку” назваў невыпадковым яго выключэнне з арганізацыі ў Дзень расстраляных паэтаў. „Каля рэстарана „Паедзем паядзім” за паўтара года нам таксама часта кідалі ў твар: „Мала вас стралялі!”
„Выключыць”, выдаліць, выціснуць хрысціян з беларускай культуры не атрымаецца — гэта нават бальшавікам з іх чырвонай імперыяй не ўдалося… Маім адказам будзе другая кніга „Беларусаліму” — „Сэрца святла”, якую я зараз рыхтую да друку. Пасля ПЭНу чытачоў будзе нашмат больш”.
Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе. У якасці грамадскага аб’яднання зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1990 года, перарэгістраваны ў кастрычніку 1999-га. З 1990 года з’яўляецца часткай Міжнароднага ПЭН-клуба — сусветнага аб’яднання прафесійных літаратараў, створанага ў 1921 годзе для пашырэння супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абароны іх правоў. У 2016 годзе Міжнародны ПЭН-клуб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах.
belapan.by