Паўла Севярынца затрымалі на выхадзе з дому



На выхадзе з дому сёння, 26 лютага, быў затрыманы сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Пра гэта паведаміла жонка палітыка Вольга. Форум „Свабоду палітвязням!” заклікаў да правядзення 26 лютага а 18 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі – Святаславам Барановічам, Міхалам Жамчужным ды іншымі. Павел Севярынец збіраўся браць удзел у акцыі, паведаміў яго паплечнік па партыі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

– На жаль, гэтае затрыманне Паўла Севярынца каля дома, – яно прагназаванае было. Таму што сёння мусіла адбыцца акцыя ў падтрымку палітвязняў у 18.00 у цэнтры горада. І ён мусіў у ёй удзельнічаць. Ён прынамсі збіраўся там быць. Павел таксама меркаваў, што можа быць затрыманы. Я спадзяюся, што яго выпусцяць сёння. У адваротным выпадку гэта будзе, безумоўна, беспадстаўная палітычная рэпрэсія.Такія брутальныя прэвентыўныя затрыманні, на жаль, для нашай улады сталі звычайнымі рэчамі за апошнія 20 гадоў.

Пакуль невядомае месцазнаходжанне Паўла Севярынца. Са слоў Віталя Рымашэўскага, ён накіроўваецца ў Фрунзенскі РАУС Менска, каб высветліць ці не туды адвезлі затрыманага палітыка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя