Паўла Севярынца затрымалі пасля суда



Паўла Севярынца адпусцілі з Фрунзенскага РУУС сталіцы.

***

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец быў затрыманы прыкладна ў 11.00 5 снежня каля будынка суда Цэнтральнага раёна Мінска, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, палітыка забралі ў Фрунзенскае РУУС сталіцы.

Севярынца затрымалі адразу пасля завяршэння судовага працэсу, на якім яго аштрафавалі на 50 базавых велічынь (1.275 рублёў) на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) за ўдзел у акцыі „Сустрэча свабодных людзей” 16 лістапада на сталічнай плошчы Свабоды, якая прайшла ў рамках агітацыйнага пікета апазіцыйнай актывісткі Алены Талстой.

Праваабаронцы мяркуюць, што сустаршыню БХД маглі затрымаць для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні за заклік выйсці на акцыю ў падтрымку незалежнасці ў найбліжэйшыя выхадныя.

На сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” Севярынец напярэдадні напісаў, што яму патэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС Менска і прапанавалі „сустрэцца наконт заклікаў” выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў знак пратэсту супраць падпісання дакументаў аб „паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі.

belapan.by