Паўла Шарамета ўвекавечылі на Мемарыяле журналістаў у Вашынгтоне
Імя ўраджэнца Беларусі Паўла Шарамета, забітага 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве, з’явілася на Мемарыяле загінулым журналістам у вашынгтонскім Музеі навін (Newseum). Штогод Музей навін выбірае рэпрэзентатыўную групу журналістаў, чые смерці ілюструюць небяспекі, з якімі сутыкаюцца журналісты ва ўсім свеце.
„Не ў нашых сілах высветліць імёны ўсіх журналістаў, якія загінулі, але мы адчуваем адказнасць у памяць пра іх распавесці пра рэгіёны, дзе журналісты знаходзяцца пад найбольшай небяспекай, каб мінімізаваць рызыку для астатніх. Журналісты аказваюцца пад пагрозай у гарачых пунктах, ім пагражаюць радыкальныя тэрарыстычныя групоўкі і карумпаваныя чыноўнікі. Таму мы спрабуем сказаць: вы нават не здагадваецеся, у колькіх сітуацыях гэтыя людзі рызыкуюць сваім жыццём”, — заявіў заслужаны журналіст, дырэктар па аператыўных пытаннях Інстытута Newseum Джын Палічынскі.
Паводле яго слоў, імя Паўла Шарамета было абранае таму, што яго смерць — яскравы прыклад сітуацыі, якая склалася не толькі ва Украіне, але і ў іншых краінах: „Нярэдка тыя, хто мае ўладу, абіраюць журналістаў сваёй мэтай і аказваюць на іх фізічны націск шляхам турэмных тэрмінаў, арыштаў, пераследаў і нават фізічнай ліквідацыі. Людзі павінны стаць на абарону тых, хто іх прадстаўляе”.
З калегам пагадзіўся старшы віцэ-прэзідэнт дэпартамента навін, галоўны рэдактар Нацыянальнага грамадскага радыё Майкл Орэскс: „Забойства журналістаў стала інструментам кантролю, спробай перашкаджаць рэальнасці дасягнуць знешняга свету. Ёсць меркаванне, што мы жывем у эпоху „постпраўды”. Не. Мы жывем у эпоху, калі магутныя арганізацыі і ўрады ведаюць, наколькі на самой справе важная праўда. І яны гатовыя забіваць журналістаў, кідаць іх у турмы, пагражаць і запалохваць, абы праўда не прагучала голасна”.
Орэскс лічыць гібель журналістаў невыпадковай, бо, на яго думку, у свеце ёсць сілы, якія выбралі б зусім іншую сістэму. „Ідэолагі і аўтакраты лічаць за лепшае, каб грамадства жыло выключна з той інфармацыяй, якую яны кантралююць. І ў імя памяці пра гэтых 14 журналістаў мы павінны працягнуць іх місію. Грамадства мае права бачыць, чуць і ведаць. Мы павінны супраціўляцца спробам абмежаваць правы журналістаў, патрабаваць вызвалення журналістаў, якія апынуліся ў турме ў розных частках свету. Мы павінны патрабаваць злаўлення і суда над тымі, хто мае дачыненне да іх забойства”, — заявіў Майкл Орэскс.
Акрамя Паўла Шарамета падчас цырымоніі былі названыя імёны яшчэ 13 рэпарцёраў, фатографаў і тэлевяшчальнікаў, якія загінулі пры выкананні прафесійнага абавязку ў Іраку, Афганістане, Бразіліі, Індыі, Лівіі, Мексіцы, Сірыі і Самалі. Усяго ў 2016 годзе было забіта 48 журналістаў. Каб ушанаваць іх памяць, у чорны колер 5 чэрвеня афарбавалася яшчэ адна экспазіцыя Музея навін. Стэнды, на якіх штодня мяняліся першыя палосы газет з усяго свету, у гэты дзень ўтрымлівалі толькі хэштэг „без навін” — #withoutnews.
Агульная колькасць імёнаў журналістаў, пералічаных на манументальнай дошцы Newseum, цяпер складае 2 305.
Паводле БелаПАН
Фота lb.ua