Паўлавец, Алімкін, Шыптэнка… хто наступны?
Расейскае інфармагенцтва „Рэгнум” у другой палове дня 9 снежня паведаміла аб затрыманні ў Беларусі свайго карэспандэнта Сяргея Шыптэнкі.
Раней былі затрыманыя два аўтары „Рэгнума”, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „Eadaily”: выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і берасцейскі вартаўнік Дзмітрый Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Абодва заключаныя пад варту.
Паўлавец і Алімкін сталі фігурантамі крымінальных спраў, узбуджаных па арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).
„У ходзе праведзеных ператрусаў атрыманыя даныя аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з`яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў 8 снежня следчы камітэт.
Пасля затрымання Шыптэнкі „Рэгнум” выступіў з заявай „у сувязі з рэпрэсіямі супраць журналістаў у Беларусі”. „Рэдакцыя … катэгарычна адхіляе прад`яўленыя аўтарам агенцтва абвінавачанні, лічачы іх нядобрасумленнымі і надуманымі. Рэдакцыя … пацвярджае сваё нязменнае асуджэнне праяў шавінізму, неанацызму і русафобіі ў Беларусі. Рэдакцыя… лічыць сваіх затрыманых у Беларусі аўтараў палітычнымі зняволенымі, якія зведваюць рэпрэсіі за іх прынцыповую пазіцыю супраць фактычнага супрацоўніцтва ўлад Беларусі з шавіністычнай, русафобскай і неанацысцкай часткай беларускай апазіцыі„, — гаворыцца ў заяве.
****
Следчы камітэт вечарам 9 снежня пацвердзіў затрыманне Сяргея Шыпценкі.
«Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь у рамках расследавання крымінальнай справы па ч. 1 арт. 130 КК РБ затрыманы Сяргей Шыпценка, грамадзянін РБ, які пастаянна жыве ў Мінску. Ён падазраецца ва ўчыненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне ў розных груп насельніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў інтэрнэце артыкулаў пад псеўданімам Артур Грыгор`еў. На гэты час з удзелам падазраванага праводзяцца следчыя дзеянні», — гаворыцца ў паведамленні СК.
belapan.by