Паўло Зуб’юк: Многія мае сябры ў Кіеве прадчувалі гэтую бяду
Госць Рацыі – украінскі публіцыст, блогер Паўло Зуб’юк, які пражывае з 2018 года ў Польшчы.
РР: Незалежна ад таго, што ты ўжо абжыўся ў Польшчы, то ўсё ж такі, думаю, ты цяпер перш-наперш сочыш за тым, што адбываецца ў тваёй роднай Украіне, у тваім родным Кіеве. Па-першае, ці твае блізкія і твая сям’я ў бяспецы? Ці ўсе жывыя і здаровыя?
Паўло Зуб’юк: Пакуль што жывыя, але выехаць з Кіева зараз вельмі складана. Яны ў Кіеве. І трэба сказаць, што калі апошні раз я быў у Кіеве, як раз за месяц перад пачаткам вайны, ужо тады адчувалася вось гэтае пачуццё небяспекі ў людзей. Мае сябры ўжо збіраліся, рыхтаваліся да таго, што трэба будзе неяк ратавацца. І разглядалі ўсе магчымыя варыянты як і што рабіць. Таму я вельмі добра адчуваю, як павольна, але відавочна, набліжалася гэтая бяда.
РР: Ты кажаш, што адчувалася гэта. У нас нядаўна ў эфіры была беларуска, якая ўцякала ад пераследу ў Беларусі пасля 2020 года і знайшла прытулак ва Украіне пад Кіевам, казала, што як раз у апошнія гэтыя дні перад агрэсіяй менавіта сярод яе беларускай суполкі больш адчуваўся страх і прадчуванне таго, што менавіта так усё і адбудзецца. І яна казала, што як раз сярод украінцаў адчуваўся аптымізм. Ці сапраўды адчувалася, што гэтая вайна будзе.
Паўло Зуб’юк: Гэта, канешне, залежыць ад людзей. Таму што мае бацькі „алярмісты”, і сярод сяброў такія таксама ёсць. У мяне шмат было ў Кіеве і знаёмых беларусаў. І калі, за месяц да вайны, я з некаторымі сустракаўся, з журналістамі, якія збеглі з Менску, мы з імі пілі піва, таксама размаўлялі пра гэта, і яны былі аптымістычныя, казалі, ай, што там, можа на Дамбасе пастраляюць, але на Кіеў жа ніхто не пойдзе, гэта па-просту немагчыма, гэта ж самагубства нейкае. Такія былі настроі. Але сярод другіх маіх сяброў-украінцаў, былі „алярмісты”, вельмі добра прадчувалі і ўсё сваё асяроддзе таксама накручвалі.
Цалкам размова:
Размаўляў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя