Паўлу Севярынцу пагражаюць арыштам маёмасці



Судовыя выканаўцы папярэдзілі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, што днямі пачнуць „апісваць і арыштоўваць ягоную маёмасць”, калі ён не сплоціць штрафы, прызначаныя за ўдзел у мірных акцыях 17 лютага і 31 сакавіка.

Па словах Паўла Севярынца, у яго няма магчымасці аплаціць гэтыя вялікія, і на яго думку, абсурдныя штрафы:

– Апошнія штрафы неаплачаныя. У мяне асабіста няма магчымасці аплачваць такія штрафы. Калі дапамагаюць сябры, салідарныя людзі, праваабаронцы, тады аплачваем. Зараз, відаць, у салідарнасці, ёсць свае межы, як кажуць, таму апошнія штрафы засталіся неаплачанымі. І мяне папярэдзілі, што рыхтуюцца накласці арышт. А на што можна накласці?! Шчыра кажучы, няма на што, акрамя мабільнага тэлефона хіба што. Таму што машыны – няма, кватэры – няма. Маёмасць у здымнай аднапакаёўцы – лядоўня і пральная машына. Ясна, што штрафы гэта не пакрые. Што будуць рабіць далей органы прымусовага пакарання, я не ведаю.

Як дадае сустаршыня БХД Павел Севярынец, падобны ціск пачаўся і ў дачыненні да яго сяброў і паплечнікаў, якія маюць неаплачаныя штрафы за ўдзел у масавых акцыях пратэстаў. Паказальна, што гэта адбываецца напярэдадні 3 ліпеня і сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску, мяркуе палітык.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя