Паўлюк Быкоўскі: Сітуацыя ў медыя-бізнесе кардынальна змяняецца
Сённяшні медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі за гады працы ў журналістыцы змяніў шэраг друкаваных выданняў ды радыёстанцый – ад газет «Чырвоная змена» ды «Беларусы і рынак», дзе ён, між іншым, быў аглядальнікам. Да радыёстанцыі «Крыніца» і «Радыё-2». Не першы год пільна адсочвае ды аналізуе як незалежны, так і дзяржаўны медыярынкі краіны.
РР: Распад «Беларусы і рынак» у выніку канфлікту паміж рэдакцыяй і новымі ўладальнікамі, пра які пісалі ўсе незалежныя СМІ, знакавая сітуацыя?
— Не дачакаліся — не адбылося распаду. Газету выдавала ЗАО «Медыярынак» — змяніліся акцыянеры. У выніку, большасць працоўнага калектыву сышла па прычыне непрыняцця новага рэдактара і новай жа рэдакцыйнай палітыкі. Але яны ўтварылі новае выданне «Belrynok by» і яно неяк існуе. Аднак, галоўнае ў іншым. Цяпер моцна змянілася сітуацыя ў бізнес-структуры медыя. У сувязі з чым вельмі складана зарабляць на продажы газет і рэкламе. Да прыкладу, летась аб’ёмы рэкламнага рынку абрынуліся на 40 % — гэта каласальна. У выніку, адбываецца не толькі зацягванне паясоў, але і стратэгія існавання рэдакцый. Пачынаюць абвальвацца старыя праекты, традыцыйныя медыя. Для таго, каб выжываць, ім давядзецца шукаць нейкага «добрага дзядзьку», які іх будзе фінансаваць альбо ісці ў абдымкі бюджэту. Дарэчы, тое самае назіраем і ў дзяржаўным сектары, дзе скарачаюць колькасць выданняў ды выдаткі на іх.
РР: Усё ж, якія дакладныя прычыны абвалу?
— Мяняецца медыяспажыванне — людзі ўсё больш чытаюць «задарма» у інтэрнэце. Дайце веры, па апошніх звесттак дадзеных, толькі 7 % жыхароў чытаюць папяровыя газеты! Раней было больш за палову насельніцтва. Цяпер навіны больш зручна атрымліваць з дапамогай ТБ і ўсё таго ж інтэрнэту. Мяняецца і сітуацыя ў спажыванні радыё. Яго слухаюць, па большасці, у машынах, калі едуць з працы альбо на працу. І вельмі маленькая катэгорыя слухае ў хаце для задавальнення. А гэта значыць, што радыёстанцыі таксама пачынаюць менш зарабляць. А паводзіць сабе у адпаведнасці з новымі рэаліямі не навучыліся. У выніку, журналістам зараз вельмі складана знайсці працу, якая б ім падабалася дый увогуле б карміла.
РР: Пытанне знакавае — ці будзе сітуацыя, што складваецца, прыводзіць і да страты палітычнай незалежнасці недзяржаўных СМІ?
— Для іх гэта сур’ёзная праблема. Паколькі не знаходзяць грошы самі, будуць шукаць апору ў праславутых грантах, мо ў нечым іншым. Але гэта кардынальна будзе мяняць сітуацыю для тых, хто жыве з медыя-бізнесу. Хтосьці будзе зачыняцца, а нехта будзе знаходзіць бізнесмена, у якога найхутчэй свае палітычныя гульні.
РР: Дык ці бачыш нейкія спадзяванні на перспектыву?
— Так. Мы непазбежна навучымся зарабляць грошы ў новай сферы ды інтэрнэце. А гэта зможа даваць магчымасць захоўваць незалежнасць.
На сёння перарэгістрацыю ў краіне маюць 1260 дзяржаўных і недзяржаўных газет ды 160 радыёстанцый.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара