Паўлюк Быкоўскі: Спіс „шкодных” сайтаў значна скарочаны
Міністэрства інфармацыі Беларусі летась абмежавала доступ да 41-го сайту і вынесла папярэджанне 36-ці друкаваным СМІ. Пра гэта паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч на калегіі ведамства. «Да чатырох сайтаў доступ адноўлены пасля выпраўлення выяўленых парушэнняў», – адзначыла Лілія Ананіч. Па яе словах, інфармацыйныя рэсурсы былі заблакаваныя за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, за неналежную рэкламу лекаў, прапаганду дзіцячай парнаграфіі ды рэкламу алкагольных напояў. Не заўсёды блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў летась было аб’ектыўным, – кажа медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі.
– Калі ў 2014 годзе ў спісе сапраўды было шмат сайтаў, і сярод іх былі ў тым ліку і «Хартыя», і «Беларускі партызан», то ў сакавіку 2015 года гэтыя рэсурсы былі выкрэсленыя са спісаў. Фактычна там не засталося ніводнага апазіцыйнага сайту. Разам з тым быў прэцыдэнт, калі рэсурс ky-ky.org афіцыйна быў унесены Міністэрствам інфармацыі ў спіс непажаданага доступу за публікацыі, якія тычыліся ацэнкі як вынікаў Другой сусветнай вайны, так і святкавання Дня перамогі ў Менску, то бок па палітычным пытанні.
“Сітуацыя з сайтам ky-ky.org – адзіная, якая дакладна тычылася ўціску па палітычных прычынах”, – дадае Паўлюк Быкоўскі. “Але да гэтай катэгорыі заблакаваных сайтаў можна аднесці і блакіроўку інтэрнэт-рэсурсаў інфармацыйнага агенства Белапан і naviny.by, якія неафіцыйна блакаваліся падчас прэзідэнцкіх выбараў мінулага года. Хаця ёсць пэўныя меркаванні, хто ў гэтым быў зацікаўлены”, – кажа медыя-эксперт.
Нагадаем, летась Лілія Ананіч пагражала закрыць доступ у Беларусі і да сайта “Радыё “Рацыя”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя