Паўмільёна чалавек патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі
Паўмільёна чалавек у Сеуле 12 лістапада патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе, паведамляе Reuters. На думку пратэстоўцаў цяперашняя прэзідэнт надалей ня можа быць кіраўніком краіны. Звязана гэта са скандалам вакол яе сяброўкі Цой Сун Сіль, якая, як мяркуецца, выкарыстоўвала сваю блізкасць да прэзідэнта і ўмешвалася ў дзяржаўныя справы. Дэманстранты запоўнілі цэнтральныя вуліцы сталіцы Паўднёвай Карэі. Сярод пратэстоўцаў было шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі, а таксама людзей у інвалідных вазках. Такія пратэсты ў краіне праходзяць ужо трэція выходныя запар.
Пак Кын Хе – 11-ы прэзідэнт Паўднёвай Карэі, дачка Пак Чон Хі, які быў прэзідэнтам краіны цягам 1963-79 гадоў. На вышэйшую дзяржаўную пасаду яна была абрана ў 2012 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя