Паўсюль дровы, альбо вясна ў Альшанах



У Альшанах сёлета кажуць: вясна ранняя, прыходзіцца спешна рабіць працу, што была запланавана на канец сакавіка. Але шмат чаго адбываецца планава: нарыхтоўваюцца дровы для цяплічных печак, падрастае расада, рамантуюцца цяпліцы, угнойваецца зямля.

Падаецца, што насенне ўжо ўсе пакуплялі, бо ў адной са шматлікіх спецыялізаваных крам ім цікаўлюся хіба я адна. У асноўным, прадаецца галяндскае, фасаванае адразу па тысячы штук. Але ёсць і прывычныя гарадскому жыхару пакуначкі па некалькі грам. Напэўна, для тых нешматлікіх вяскоўцаў, што агарод садзяць толькі для ўласных патрэб.

Увогуле, у адносінах да Альшан казаць слова “вёска” язык не паварочваецца. Занадта непараўнальна з той архаічнай сельскай суполкай, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. А вось слова “аграгарадок”, якое гучыць бязглузда ў адносінах да 99% названых так населеных пунктаў, сюды пасуе як нельга лепей. Бо гэта сапраўдны гарадскі вулей, хоць і кіпіць тут жыццё не на заводах і ў парках высокіх тэхналогій, а на прысядзібных участках і палях.

Да таго ж некаторыя цяпліцы маюць шмат агульнага з высокімі тэхналогіямі. У фермерскай гаспадарцы “Альшаны” звычайныя плёначныя пабудовы замянілі метала-шкляныя з аўтаматычным кіраваннем. З дапамогай прылады ў тэлефоне можна паліць памідоры, паглядзець, якая ў цяпліцы вільготнасць і тэмпература. Метэастанцыя на даху сочыць за накірункам ветру, і ў залежнасці ад гэтага кіруе форткамі. Польскія лабаранты, якія робяць суправаджэнне цяпліц, на падставе складу альшанскай вады распісваюць рэцэпты для паліву. Работнікам трэба толькі засыпаць патрэбныя ўгнаенні ў ёмкасці, а далей сістэма самастойна разводзіць іх у вадзе да патрэбнай канцэнтрацыі.

У размове з фермерам Мікалаем Грыбам я жартую, што цяпер, каб вырошчваць гародніну, трэба мець вышэйшую адукацыю, на што ён адказвае, што ўсё не так складана, як яны з бацькам Іванам Грыбам, сузаснавальнікам гаспадаркі, думалі: “Мы горш мучыліся ў плёначных цяпліцах. Адно што там нам зямля падказвала. Мы ж самі па прафесіі не аграномы – простыя сабе рабацягі, якія з малых год хапалі вяршкі, што той расліне трэба, але сутнасці не ведалі. Бачылі, дапусцім, не расце – значыць, трэба азот. Плады прыйшлі – значыць, трэба калій. Цвіце – трэба фосфар. Гэта ведалі, у нас уся вёска гэта ведае. А тут ужо наладжваецца на аснове вады. І чалавек нічога не можа зрабіць”. Дарэчы сказаць, плошча цяпліцы, дзе мы прагульваемся, 2 гектары 20 сотак. Гэта цяжка ўявіць, нават калі бачыш. А яшчэ тры гады таму, да пераходу на зімовыя цяпліцы, Грыбы трымалі 9 га плёначных парнікоў.

Хоць у Альшанах кожны сам сабе фермер, але ж усё такі далёка не ў кожнага тут 280 га зямлі, як у гаспадарцы “Альшаны”. Таму многія ахвотна падпрацоўваюць у буйнейшых калег. Па словах Мікалая Грыба, яны стараюцца цэлы год трымаць штат 60-65 чалавек, нават з улікам істотнага памяншэння аб’ёма прац у зімовы перыяд. Летам жа фермерская гаспадарка патрабуе каля ста работнікаў.

Калі ў Грыбоў ужо ў канцы сакавіка з’явяцца першыя памідоры, то звычайныя вяскоўцы, якія працуюць у плёначных цяпліцах, толькі рыхтуюць расаду.

Сям’я Садчанкаў таксама заступіла ў перыяд бяссонных начэй. Пакуль тапіць трэба толькі расаднік, дзе дружна падымаюцца кволыя зелянінкі. У памяшканні 33˚С, таму гаспадыня Таццяна працуе ў летнім халаце. Яе муж тым часам рамантуе цяпліцу. Каля яе ўжо ляжаць нарыхтаваныя дровы, набытыя па кошце 320 рублёў за машыну. Здаецца, што іх даволі шмат, але гаспадар кажа, што хопіць іх у лепшым выпадку на месяц. Садчанкі ўвогуле расказваюць пра свой маленькі агародніцкі бізнэс без асаблівага энтузіязму. Кажуць, што не вельмі гэта і выгадна, калі палічыць усе затраты, ды прыгадаць, што летась гуркі купляліся па смешным кошце 5 капеек за кілаграм. У той час, як у Берасці канчатковы кошт для пакупніка быў у сярэднім 1 рубель. Атрымліваецца, што зарабляюць на тавары дакладна не тыя, хто яго вырасціў. Але апускаць рукі тут ніхто не збіраецца. Рыхтуюцца і спадзяюцца на лепшыя цэны ў новым сезоне.

А пакуль ён толькі пачынаецца, замест агуркоў ды іншай гародніны на оптавым альшанскім рынку прадаюць дровы ды жэрдкі для цяпліц. Увогуле дровы – гэта тое, з чым павінны асацыявацца Альшаны ранняй вясной. Куды ні кінь вокам – паўсюль ляжаць дровы. А дзе не ляжаць, там ездзяць на грузавых машынах ці разлятаюцца пад сякерамі агароднікаў. Каб я была альшанкай, першы месяц вясны я б называла не сакавік. Я б называла яго дровень.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя, Альшаны

Фота аўтаркі