Паўтара года калоніі за твіт даў суд грамадзянцы Расеі
16 верасня ў Маскоўскім судзе Берасця пачаўся працэс над Ірынай Вікхольм. Сёння, 20 верасня, суддзя Брэган абвясціў прысуд: прызнаць вінаватай па ч.2 арт.367 КК РБ (Паклёп на прэзідэнта РБ) і прызначыць 1 год 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў Аляксандр Бацюшко.
На судзе пацвердзілася, што Вікхольм была затрыманая 28 траўня (і з тых часоў знаходзіцца ў няволі). У той дзень, бліжэй да вечара, яе запрасілі на гутарку ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Затым у кватэры, дзе жыла Ірына, правялі ператрус, забралі ноўтбук. І жанчыну змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця на 3 сутак. Пасля перавялі ў берасцейскае СІЗА, дзе яна прабыла з 1 чэрвеня па 5 жніўня. Затым Вікхольм адправілі на экспертызу ў Менск у РНПЦ псіхічнага здароўя (у народзе „Навінкі”), і вярнулі ў СІЗА-7.
Пра ўмовы ўтрымання ў берасцейскім СІЗА Ірына адзначыла, што яе прымушалі казаць пра „схільнасці да экстрэмісцкай дзейнасці”. А ў прадстаўленай у суд характарыстыцы, начальства СІЗА-7 напісала пра Вікхольм што жанчына схільная да экстрэмізму і нібыта не жадае самаразвівацца. Для Ірыны такая характарыстыка аказалася нечаканасцю, суду яна сказала што ўсё наадварот, кнігі (у тым ліку для развіцця) ёй у СІЗА адмаўляліся выдаваць.
На судзе Вікхольм заяўляла адвод суддзі, адвод дзяржабвінаваўцу (абодва адводы суддзя не задаволіў), адмовілася ад прызначанага ёй адваката. На судзе жанчына заяўляла, што крымінальная справа ў дачыненні да яе відавочна мае палітычны матыў.
Падставай для крымінальнай справы, нагадаем, стаў твіт Ірыны 23 траўня, які вёў на яе артыкул у Жывым Журнале. Уся публікацыя была поўным перадрукам артыкула рускай службы Бі-Бі-Сі пра інцыдэнт з самалётам Ryanair (на якім ляцеў Пратасевіч). Вікхольм толькі дадала свой загаловак: «Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва» (хоць фраза „акт дзяржаўнага авіяпірацтва” ўзятая з таго ж матэрыялу Бі-Бі-Сі, дзе прыводзілася рэакцыя МЗС Грэцыі на інцыдэнт). Тым не менш, суддзя Яўген Брэган стаў на бок дзяржабвінавачання і прызнаў Вікхольм вінаватай па ч.2 арт.367 КК РБ. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.