Павал Мажэйка: Цэнтр працягвае працаваць
Пяць год у Гародні існавала культурніцкая пляцоўка, якая мела назву „Цэнтр гарадскога жыцця”. І 12 жніўня гэтая пляцоўка фактычна спыніла сваё фармальнае існаванне. Наш карэспандэнт размаўляе з кіраўніком гэтай пляцоўкі і вядомым журналістам Паўлам Мажэйкам:
РР: 12 жніўня быў фактычна ліквідаваны „Цэнтр гарадскога жыцця”. На вашую думку, што будзе з памяшканнем, і грамадскай актыўнасцю ў гэтым месцы?
– Цэнтр гарадскога жыцця, мы пра гэта не раз казалі, гэта не юрыдычная асоба, гэта не нейкі статус у дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў. Гэта перш за ўсё людзі – гарадзенцы, якім хочацца развіваць сваю культуру, актыўнічаць, і займацца стваральнай працай, якая робіць і нашую Гародню, і наогул Беларусь адметнай. Мы заўсёды казалі пра Гародню, што гэта ў пэўным сэнсе культурная сталіца Беларусі, таму я тут не маю аніякіх сумневаў, што гэта актыўнасць нікуды не знікне. Канешне, мы ацэньваем закрыццё і ліквідацыю цэнтра як абсалютна незаконнае і палітычнае рашэнне, якое накіравана менавіта на тое, каб актыўнасць гарадзенцаў затушыць. Але зноў жа – усе гэтыя пяць гадоў існавання цэнтра, кантактуючы і супрацоўнічая з гарадзенцамі мы разумеем, што гэту актыўнасць прыдушыць не атрымаецца. Актыўнасць гарадзенцаў ёсць і будзе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
За 5 год працы ў Цэнтры гарадскога жыцця адбыліся сотні выставаў і канцэртаў , сустрэчы з вядомымі культурнымі дзеячамі, пісьменнікамі і паэтамі, штотыдзень ладзіліся курсы Мова Нанова. Памяшканне знаходзіцца ў прыватнай ўласнасці і яго па словах Паўла Мажэйкі ніхто забраць не можа.
Беларускае Радыё Рацыя