Павал Шарамет пра блакіроўку “Беларускага партызана” і Onliner.by



Шэраг незалежных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў – заблакаваныя. Сярод іх: “Хартыя-97”, “Беларускі партызан”, сайт агенцтва БелаПАН і яго інтэрнэт-газеты Naviny.by, інфармацыйныя рэсурсы udf.by і zautra.by, сайт інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”. Сітуацыю пракаментаваў нашаму радыё вядомы журналіст, стваральнік сайта “Беларускі партызан” Павал Шарамет.

Павел Шарамет: Асноўная прычына блакіроўкі “Беларускага партызана” ды іншых рэсурсаў звязана з панікай, якая ахапіла кіраўніцтва Беларусі з прычыны фінансавых праблемаў. Таму кіраўніцтва Беларусі прыняло шэраг абсалютна дзіўных мераў у вобласці рэгулявання продажаў валюты. Як заўсёды, улады Беларусі ва ўсім вінавацяць чамусьці журналістаў, абвінавачваюць незалежныя рэсурсы ў тым, што мы ўплываем на настроі людзей, і прымушаем людзей пазбаўляцца ад беларускага рубля. І ніхто з дарадцаў Лукашэнкі не можа яму сказаць пра тое, што людзі ў паніцы скупляюць тэлевізары і даляры, таму што Нацыянальны банк і ўрад прымаюць дурацкія і ідыёцкія рашэнні. Вось таму яны блакуюць незалежныя рэсурсы, і нават тыя з іх, якія ніколі не вылучаліся крытыкай Лукашэнкі.

Журналіст не бачыць сэнсу шукаць логіку ў дзеяннях уладаў Беларусі.

Павал Шарамет: Вось яны заблакавалі сайт БелаПАН, а не заблакавалі сайт “Нашай Нівы”… Хоць гэта патлумачыць можна: цяперашняя ўлада з пагардай ставіцца да ўсяго беларускага, і Лукашэнка не чытае “Нашу Ніву” і сайт “Радыё Свабода”, вось іх і не заблакавалі, а «Хартыю-97» і “Беларускі партызан” – заблакавалі… Калі сур’ёзна, то як бачыце, у дзеяннях беларускіх уладаў бессэнсоўна шукаць логіку, логіка толькі адна – гэта здушэнне любой альтэрнатывы, і захаванне ўлады любым коштам. Іншай логікі тут няма.

Як абыходзіць блакіроўку сайтаў?

Павал Шарамет: Мы ўжо жартуем, што дзеянні ўладаў павышаюць граматнасць грамадзян Беларусі.  І многія людзі вучацца абыходзіць гэтыя блакіроўкі. Канешне, мы былі вельмі моцна згубілі трафік, у пэўны момант наведвальнасць абвалілася, але паступова яна аднаўляецца, таму што людзі вучацца гэта абыходзіць. Нават кітайскі досвед паказвае, што гэтыя блакіроўкі можна абыходзіць тэхнічна.

Доступ адміністратараў да сайту захаваўся, бо “Беларускі партызан” не мае сэрвераў ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Мы працягваем працаваць. Найбольш церпяць тыя сайты, якія працуюць у зоне беларускіх доменаў, яны заблакаваныя поўнасцю, а нас можна спакойна чытаць за межамі Беларусі. Некаторыя цяпер спрабуюць запусціцца з іншых краінаў. Вось онлайнер перанёс свае серверы в зону ru, паглядзім, як у іх атрымаецца.

Пра справу Onliner.by

Прыгадаем, што днямі на сайце аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з’явілася паведамленне, што сайт Onliner.by пазбаўлены адпаведнага даменнага імя і выключаны з рэестру нацыянальнай даменнай зоны. Прычынай выключэння сайту з беларускай даменнай зоны сталі парушэнні заканадаўства Беларусь пра гандаль, якія выявіла Міністэрства гандлю.

Павал Шарамет: Мне здаецца мы маем справу з рэйдарскім захопам. Я не выключаю, што за блакіроўкай онлайнера стаіць Віктар Лукашэнка. Апошнім часам яго людзі круціліся вакол інтэрнэт-бізнесу, онлайнер – гэта найперш адна з самых буйных інтэрнэт-крамаў, а не інфармацыйны рэсурс, і з дапамогай шантажу і блакіроўкі ўлады могуць паспрабаваць забраць яго ва ўладальнікаў. Тыдзень таму і дырэктар онлайнера зышоў у адстаўку, таму я не здзіўлюся, што мы маем справу з закамуфліраванай, сур’ёзнай рэйдарскай атакай.  І для таго, каб закамуфліраваць гэтую рэйдарскую атаку, адначасна адключаюць і інтэрнэт-рэсурсы. Такі варыянт я б не скідаў з рахункаў.

На падставе чаго я зрабіў такую выснову? Я не маю дакладнай інфармацыі, але падобную аперацыю ў свой час праводзіў і сын беглага прэзідэнта Януковіча ва Украіне, ён уваходзіў таксама ў інтэрнэт-бізнес і блакаваў буйныя парталы, падобныя да онлайнера. Не было ніякага сэнсу блакаваць онлайнер, гэта ў чыстым выглядзе інтэрнэт-крама з вялізнымі абаротамі. Цяпер модна ўваходзіць у інтэрнэт-бізнес. І магчыма, што на фоне крызісу ў сферы нафты і крызісу ў сферы калійных угнаенняў, якую курыраваў Віктар Лукашэнка, яны маглі прыдумаць такую схему. Але каб выглядала так усё прыстойна ў стылі беларускіх уладаў  – за стабільнасць і супраць панікі на валютным рынку – яны ўчынілі такі скандал. Пазней, напрыклад, незалежныя рэсурсы разблакуюць, а онлайнер апынецца ў руках іншай фінансавай групы. Я б гэтага не выключаў, але падкрэсліваю, што гэта толькі мае дапушчэнне, акцэнтую, што я не маю ніякіх дакладных звестак, але як версію – я б гэтага не выключаў.

Хоць тут магчыма некалькі версій адначасна працуюць. За дзень-два да блакіроўкі незалежных рэсурсаў, у сеціва пачалі ўкідаць інфармацыю, што “Беларускі партызан” ды іншыя незалежныя СМІ стымулююць паніку, і нехта жартам напісаў, што трэба іх заблакаваць, каб панікі не было, і праз дзень-два нас пачалі блакаваць. Паколькі інтэлектуальны ўзровень уладаў не вытрымлівае крытыкі, і неадукаваныя жанчыны і пенсіянеры з савецкага мінулага – цяпер галоўныя дарадцы Лукашэнкі, вось таму яны і прымаюць, на мой погляд, такія абсалютна ідыёцкія рашэнні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя