Павал Сяргей аштрафаваны за марш студэнтаў



Суд Маскоўскага раёна Менска пакараў грамадскага актывіста Паўла Сяргея штрафам 25 базавых велічыняў (4,5 мільёны рублёў) за ўдзел у «Маршы студэнтаў» — вулічнай акцыі пратэсту студэнцкай моладзі супраць аплаты пераздачы залікаў і іспытаў, якая адбылася ў Менску 2 снежня.

848CD8E0-67DE-4AC4-A41F-AFDEEDEDDDC6_mw1024_s_n

Суддзя Таццяна Матыль прызнала яго вінаватым у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Павал Сяргей сваёй віны не прызнаў і намераны абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Ён таксама адзначыў, што не мае намеру адмаўляцца ад далейшай грамадскай дзейнасці.

Раней Павал Сяргей быў актывістам «Маладога фронту», удзельнічаў у розных палітычных акцыях, неаднаразова яго прыцягвалі да адказнасці. Падчас масавых палітычных вайсковых прызываў, быў забраны ў войска, адслужыў паўтара года, не прымаючы вайсковую прысягу.

Падтрымаць Паўла Сяргея ў судовым працэсе прыйшоў адзін з выкладчыкаў БДУ, які пажадаў не называць свайго імя. Ён паведаміў, што працуе ў ВНУ толькі да новага года, бо пасля выказванняў у падтрымку студэнтаў, адміністрацыя БДУ не прадоўжыла з ім кантракт.

Паводле выкладчыка, рэктар ВНУ парушыў Канстытуцыю ў частцы атрымання бясплатнай адукацыі, падпісваючы распараджэнне аб платнай пераздачы іспытаў. Гэтым распараджэннем ён таксама стварыў умовы для карупцыі ў асяродку выкладчыкаў. Выкладчык таксама перакананы, што рэктар БДУ не адпавядае займанай пасадзе, калі адмовіўся сустрэцца са студэнтамі, якія звярнуліся да яго, сабраўшы подпісы. Таксама ён расчараваны бяздзейнасцю бацькоў студэнтаў, якія будуць вымушаныя кампенсаваць дадатковыя выдаткі за вучобу сваіх дзяцей. Ён мяркуе, што вінаватымі ў гэтай сітуацыі з’яўляюцца не студэнты, а кіраўніцтва БДУ.

Радыё Свабода