Павел Баркоўскі: Рэжым Лукашэнкі паводзіць сябе як чыноўнік царскай Расеі пры задушэнні нацыянальнай ідэі



Днямі ў Беларусі адбылася прэзентацыя Міністэрствам адукацыі і Генеральнай пракуратурай школьных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэтую тэму ўлады пачалі актыўна прасоўваць тры гады таму, за яго публічнае адмаўленне ўвялі крымінальную адказнасць. Пры гэтым рэжым праводзіць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Вольга Сямашка, пагутарыла з намеснікам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні філосафам Паўлам Баркоўскім пра тое, у якім стане гістарычная палітыка ў Беларусі зараз; чым небяспечныя школьныя дапаможнікі пра «генацыд беларускага народа»: як далёка рэжым можа зайсці ў барацьбе супраць Дуніна-Марцінкевіча і Караткевіча; і, нарэшце, што ў гэтай сітуацыі могуць зрабіць беларусы ў выгнанні:

РР: Як бы вы ахарактарызавалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі з нацыянальна-гістарычнай палітыкай? Выказванні сталі больш жорсткімі, больш актыўнымі. Якія яшчэ тэндэнцыі можам адзначыць?

– На жаль, дадзеныя публічных назіранняў і маніторынгаў, якія праводзіцца, сведчаць пра тое, што вельмі ўзмацняецца з аднаго боку русіфікацыя беларускай прасторы, усё больш забараняецца культурных прадуктаў і адукацыйных праграм на беларускай мове, іх колькасць скарачаецца, яны абвяшчаюцца экстрэмісцкімі, і гэта відавочна працуе не на карысць Беларусі як самастойнай незалежнай дзяржаве. Мы бачым яшчэ і вайну ў плане палітыкі гістарычнай памяці. Фактычна, з архіваў пра беларускую памяць спрабуюць выкрасліць тых асобаў, тых людзей, якія заўсёды былі ў нацыянальным каноне, і якіх не выкрэслівалі нават за савецкімі часамі. Я маю на ўвазе таго ж Дуніна Марцінкевіча ці Каліноўскага. Сёння гэта робіцца наўмысна, менавіта так, як сябе паводзілі, напэўна, чыноўнікі царскай Расеі, калі яны дбалі пра тое, каб супрацьстаяць узнікненню любых нацыянальных пачуццяў на перыферыі сваёй імперыі. На жаль, сёння адбываецца тое ж самае, але рукамі беларускага чыноўніка.

РР: Адпаведна таксама негатыўную рэакцыю выклікала прыняцце дапаможнікаў для школьнікаў пра пра генацыд беларусаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Што не так з гэтымі падручнікамі? У чым іх галоўная пагроза для будучага пакалення беларусаў, тых, хто будзе далей жыць з гэтай павесткай дня?

– Перадусім, гэта іх тэндэнцыйнасць, бо зразумела, што можна, вядома, спрачацца пра тое, ці варта называць тое, што адбывалася падчас другой усясветнай вайны з беларускім народам генацыдам, ці гэта патрабуе нейкіх іншых азначэнняў, але відавочна, што галоўная ідэя аўтараў гэтага праекту не ў тым, каб падкрэсліць віну, напрыклад, той жа нямецкай нацыі ў вынішчэнні значнай часткі насельніцтва Беларусі, прычым гэтая значная частка, у тым ліку, гэта было яўрэйскае насельніцтва, пра што часам замоўчваюць афіцыйныя каментатары.

Гэта спроба перадусім сказіць нацыянальную памяць у тым духу, каб цалкам запляміць памяць пра тых беларусаў, якія спрабавалі штосьці рабіць падчас Другой Усясветнай Вайны ў плане адраджэння нацыянальнай культуры і памяці, што было забаронена пры камуністычнай уладзе. І зразумела, гэта спроба правесці паралель паміж калабарантамі часоў Другой Усясветнай і сучаснымі беларускімі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, апазіцыі. Проста па той вонкавай прыкмеце, што яны выкарыстоўваюць агульную сімволіку.

Па сутнасці, такая спроба нацягнуць гістарычную памяць на сучасныя патрэбныя ідэалагічныя штампы, удаўбіць гэта ў галовы дзецям, пачынаючы з самага ранняга ўзросту, бо гэтыя падручнікі пачынаюць даваць нейкі гістарычны наратыў з першага класа. Ніколі такога не было ў беларускіх школах, каб гісторыю дзецям давалі ў першым класе. Для разумення гісторыі, усё ж такі, патрэбны хаця б некі мінімальны ровень крытычнага мыслення дзяцей. Наўрад ці можна казаць, што ў 6 ці 7 гадоў дзяцёнак настолькі ўжо дасведчаны, каб магчы разбірацца і разумець складаны гістарычны матэрыял. Гэта фактычна напаўненне штампамі і стэрэатыпамі, што маюць адбіць у чалавека ахвоту думаць самастойна і разбірацца ў сваёй гісторыі.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З «Госцем Рацыі» – з намеснікам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні філосафам Паўлам Баркоўскім, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя