Павел Белавус – лаўрэат знака імя Віктара Івашкевіча
27 ліпеня Партыя БНФ абвесціла сёлетняга ляўрэата памятнага знака імя Віктара Івашкевіча, якім партыя ўганароўвае арганізатараў найбольш значных масавых акцыяў. Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў уручыў памятны знак заснавальніку культурнай пляцоўкі Арт-сядзіба Паўлу Белавусу.
Такім чынам была адзначаная роля Паўла Белавуса ў арганізацыі сёлетняй акцыі “Сьвята Незалежнасьці” 25 сакавіка ў Менску, якая была прымеркаваная да стагоддзя абвяшчэння трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.
Перадаючы Паўлу Белавусу памятны знак імя Віктара Івашкевіча, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў:
Ад імя Партыі БНФ я маю гонар абвесьціць, што па выніках галасаваньня сябраў Сойму Партыі БНФ сёлетні памятны знак імя Віктара Івашкевіча за ўдзел у арганізацыі і правядзеньні масавых акцыяў партыя ўручае Паўлу Белавусу, заснавальніку Арт-сядзібы і крамы symbal.by, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся.
Такім чынам нашая партыя вырашыла адзначыць ролю Паўла Белавуса як арганізатра масавай акцыі “Сьвята Незалежнасьці ” 25 сакавіка ў Менску каля Опэрнага тэатру ў дзень абвяшчэньня Трэцяй ўстаўной граматы БНР, якой была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. З вялікай упэўненасьцю магу сказаць, што гэта была адна з самых масавых і самых духоўна моцных акцыяў, якія былі зладжаныя беларускай грамадзянскай супольнасьцю за апошнія гады.
Знак памяці Віктара Івашкевіча мы ўручаем ужо пяты раз. Хачу нагадаць, што крытэрамі для вызначэньня асобы, якая будзе ўганараваная знакам, з’яўляецца актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі. Па ўсіх гэтых крытэрах сёлетняя акцыя 25 сакавіка стала беспрэцыдэнтнай і пасьпяховай – і я рады, што такая мая ацэнка апынулася сугучнай ацэнкам іншых сябраў сойму, якія галасавалі па вызначэньні кандыдатуры на уручэньня памятнага знаку.
Мушу адзначыць, што мне асабліва прыемна ўручаць памятны знак імя Івашкевіча менавіта Паўлу Белавусу яшчэ з двух прычынаў:
Па-першае, Павал – чалавек наш, фронтаўскі, і я рады што БНФ па-ранейшаму дае старт людзям у рэалізацыі пасьпяховых грамадзкіх праектаў, у тым ліку непалітычнага кшталту.
Па-другое, працуючы ў межах юбілейнага аргкамітэта па адзначэньні 100-годдзя БНР я з упэўненасьцю магу сказаць, што роля Паўла ў арганізацыі сьвята 25 сакавіка ў Менску была вызначальная не толькі як арганізатара ўласна самога мерапрыемства (што таксама вельмі важна), але і як грамадзкага дзеяча. Дастаткова прыгадаць паседжаньне аргкамітэту акцыі дзе быў фактычна клінч паміж прыхільнікамі розных фарматаў акцыі – і менавіта аргументаваная, жорсткая і адначасова адкрытая да кампрамісаў пазыцыя, заяўленая Паўлам, якую ўсе маглі бачыць на ютюб-трансляцыі пасяджэньня, дазволіла выпрацаваць аптымальны для шырокай грамадкасьці фармат Сьвята Незалежнасьці, якое мы з вамі годна адзначылі 25 сакавіка. Такім чынам Павал праявіў сабе не толькі як таленавіты арганізатар, але і як палітык.
Я ўпэўнены, што менавіта заслугамі Паўла і дзесяткаў, калі не сотняў, людзей, валянтэраў, якія шмат працавалі на правядзеньне сьвяткаваньня стагоддзя БНР, мы цяпер маем магчымасьць сказаць – мы адсвяткавалі стагодзьдзе аднаўленьня нашай незалежнасьці годна, гэтым мерапрыемствам можна ганарыцца. Спадзяюся, наперадзе ў Паўла і ў нас з вамі яшчэ не адна такая пасьпяховая акцыя будзе ў будучыні.
Павел Белавус падкрэсьліў, што асаблівае значэньне для яго мае памятны знак менавіта імя Віктара Івашкевіча, які стаяў на чале многіх вулічных акцый у 90-я гады.
Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра выбітнага палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода была ўручаная пяты раз. Абвяшчэньне ляўрэата памятнага знаку традыцыйна прымеркаванае да 27 ліпеня – дня абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.
Крытэрамі для ўручэньня знаку з’яўляюцца: актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.
У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча была ўганараваная вэтэран нацыянальна-адраджэнскага руху Ніна Багінская, а да таго знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідэру грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідару “Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу.