Павел Белавус: Мы ад пачатку стваралі папулярны прадукт
У Беларускім Доме ў Варшаве адбыліся чарговыя заняткі “Мова Нанова”, якія штотыдзень арганізоўвае Станіслаў Раманчук. На апошніх занятках адмысловым госцем быў кіраўнік “Арт-Сядзібы” і стваральнік крамы symbal.by Павел Белавус, а таксама кіраўнік тэатральнага кірунку Аляксей Сапрыкін.
Сярод іншага госці распавялі пра поспех крамы symbal.by, якая распачала сваю працу ўлетку 2014 года. За гэты час на сайце былі аднатаваныя ўваходы са 135 краін свету, а прадукцыя з беларускай сімволікай разышлася па ўсёй зямной кулі. І гэта пры тым, што сайт не мае англамоўнай версіі.
На занятках таксама ўзнялася дыскусія, ці не займаецца “Арт-Сядзіба” прафанацыяй нацыянальных сімвалаў, узгадалі таксама пра скандал з пераробкай “Пагоні” на “Вершніцу”.
Павел Белавус адказаў на пытанні Беларускага Радыё Рацыя. У сваім каментары бізнесовец растлумачыў, што ўся яго дзейнасць ад пачатку была скіравана на стварэнне прадуктаў масавай культуры.
Павел Белавус: Я ад самага пачатку, калі мы ўсё гэта запускалі, казаў, што мы робім поп-прадукт. Папулярны прадукт, папсовы прадукт, а папсовы прадукт павінен быць лёгкі і зразумелы. І здаецца, у нас гэта атрымліваецца, бо папулярны, паспсовы прадукт, ён значна шырэй разыходзіцца, трапляе ў розныя сегменты, у розныя слаі грамадства і лепш даходзіць. Галоўнае, што ён нясе правільны мэсэдж. Наш мэсэдж – гэта Беларусь, незалежнасць, культура, гісторыя, спадчына. І ўсе нашыя рэчы, якія мы ў тым ліку робім камерцыйна, яны нясуць гэты мэсэдж, і калі яны карыстаюцца побытам, калі людзям падабаюцца, яны простыя і зразумелыя, то для нас гэта важна, яно так лепш.
РР: Калі гавораць пра бізнес на беларускай справе, менавіта Вас узгадваюць як паспяховага бізнесоўца, які пашырае нацыянальную ідэю. За апошні час, калі symbal.by стаў вельмі наведвальным сайтам, ці рабілі Вам перашкоды ўлады?
Павел Белавус: Такіх канкрэтных перашкодаў не было. Прыходзіў раз да нас міліцыянт, але ён прыходзіў па канкрэтнай справе – затрымалі хлопцаў, якія ішлі на канцэрт, і ў заплечніку знайшлі бел-чырвона-белы сцяг. Ён прыйшоў даведацца, узяць у нас тлумачэнне, ці сапраўды мы гэта прадалі? Мы паказалі, што вось у нас паперы, што мы працуем легальна, і гэта мы робім тут. Мы нават сцягі бел-чырвона-белыя робім на тым самым прадпрыемстве, якое робіць чырвона-зялёныя сцягі для ўсіх гандлёвых кропак Беларусі.
Мы стараемся ствараць прэцэдэнты, мы зрабілі бел-чырвона-белую стужку на дзяржаўнай фабрыцы, сцягі робім таксама на фабрыцы, якая робіць і чырвона-зялёныя. І шмат рэчаў мы стараемся рабіць унутры Беларусі, паказаць, што гэта рэальна, гэта магчыма.
Той фестываль, які мы запланавалі ў Палацы Спорту “Каго любіш? – Люблю Беларусь”, мы яго абвязкова зробім, не ў гэтым, дык у наступным годзе. Бо нам цікава бударажыць, ствараць прэцэдэнты, адкрываць для сябе, скакаць вышэй за галаву і ставіць такія амбітныя мэты, якія спачатку і нам самім падаюцца нерэальнымі. Калі ты пачынаеш іх рабіць, паступова аналізаваць, хадзіць да ўладальнікаў памяшканняў ці ў гарвыканкамы, то паступова разумееш, што ўсё магчыма. Галоўнае імкнуцца і ствараць прэцэдэнты.
РР: Наконт прэцэдэнтаў, можна сказаць, што ў Беларусі ўжо два гады існуе бесперапынная хваля пашырэння нацыянальнага арнаменту. Мы ўжо бачым арнамент не толькі ў рэкламах банкаў, але нават і на кілбасе. Нейкія дзяржаўныя ўстановы таксама выкарыстоўваюць вашыя творы, вашую інтэрпрэтацыю нацыянальнага арнаменту.
Павел Белавус: Так, мы хаця і здаемся, і нас там часцяком лічаць апазіцыйнымі структурамі, але ўжо не адзін прыклад ёсць, калі нашыя ідэі пераймаліся, інтэрпрэтаваліся і выкарыстоўваліся дзяржаўнымі арганізацыямі ў правядзенні мерапрыемстваў. Апошняе – у Магілёве з’явіліся білборды “Азбука беларускага арнаменту”. Натхніліся нашай торбай, нашым прынтом “Азбука беларускага арнаменту”. І з гэтага ў Магілёве нарадзілася цэлая кампанія ў межах Года культуры. Гэта для нас паказчык, што ўсё робіцца не дарма.
Мы збіраем калекцыю. На занятках “Мова Нанова” я паказаў 100 слайдаў, за апошнія два гады, якія з’явіліся прадукты, дызайн, рэчы з арнаментам, на беларускай мове. Думаю, яшчэ каля сотні прыкладаў збяром, і хочам апублікаваць дзвесце прыкладаў выкарыстання мовы, арнаменту і беларускіх узораў, якія з’явіліся за апошнія два гады, што вось, глядзіце, рэальны эфект ёсць. Эфект вышыванкі, эфект мовы ў брэндах, у шматлікіх прыкладах. Што гэтыя не пустыя словы, што гэта рэальна працуе, і ў першую чаргу – запатрабавана. Самыя беларусы, бізнэс даходзіць да таго, што гэта нашае.
РР: А вось у чым сакрэт, што чынавенства ў Беларусі пачало падтрымліваць пэўныя элементы нацыянальнай ідэнтычнасці? Ці гэта азначае, што ўлады нарэшце зразумелі, што раз яны ў Беларусі знаходзяцца, трэба быць хоць трошкі, хоць мінімальна беларускімі?
Павел Белавус: Я думаю, што ўсё ж такі 20 гадоў незалежнай дзяржавы сваё граюць. І мы зразумелі, і ўлады пачынаюць разумець, што калі ёсць дзяржава, ёсць ідэалогія, якую спрабуюць зрабіць штучнай і якая не спрацоўвае, трэба ісці ад трэндаў і запатрабаванасці. Калі гэта патрэбна, то, канешне, яны разумеюць, што і нам самім гэта трэба падтрымліваць. На жаль, пакуль што гэтая падтрымка вельмі-вельмі слабая, гэта нейкія кволыя расточкі, там нейкая, там, там з’ява. Але гэта не стала вялікай плынню такой сур’ёзнай беларусізацыі, беларускай арыентаванасці ўладаў. Пакуль што гэта такія кволыя крокі, яны разумеюць, што гэта важна. Бо для канчатковага фармавання нацыі, яе праяваў, каб мы ўсё ж такі пачалі гаварыць “у нас у Беларусі”, а не “как там у нас, у русских”. Гэта трэба ўдаўбіць людзям. Бо без гэтага не будзе сапраўднай дзяржавы, без гэтага ў нас у любы момант, калі прыйдуць тыя ж зялёныя чалавечкі, з’явілася патэнцыйная пагроза, што ў нас будзе нешта такое як з Украінай, з акупацыяй. Хоць як бы мы і хаўруснікі, і сябры, але ёсць гэтая пагроза. І важна хоць неяк паспрабаваць гэтую пагрозу паменшыць, у тым ліку і праз свядомасць. Я думаю, што паціху пачынаюць гэта разумець, і гэта добра. Але хочацца больш.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара