Павел Белавус: Мы не пойдзем на Бангалор
Арганізатары святкавання Дня Волі 25 сакавіка не маюць намеру ісці на плошчу Бангалор. Пра гэта заявіў удзельнік камітэта па арганізацыі святкавання 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Павел Белавус, каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі, зробленую падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка.
Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў, што не падтрымлівае ідэю святкавання гадавіны абвяшчэння БНР на стадыёне „Дынама”. „Што да святкавання на стадыёне „Дынама” — гэтага не будзе. Мэр горада гэта чуе”, — сказаў ён.
Лукашэнка прапаноўвае адзначыць гэтую дату на плошчы Бангалор. „Ну каму мы забаранялі там? Мы нават дапамагалі апазіцыі, калі яна збіралася там, ставілі гэтыя рамкі, каб нейкі нягоднік не прынёс там выбухоўку ці нават петарду ўзарвуць, задушаць, як на Нямізе было. Мы ўсё гэта робім, — сказаў ён . — Навошта вы лезеце на стадыён „Дынама”? Вы ведаеце, гэта нават асабістая абраза. Вы ведаеце, колькі я ўклаў туды ў рэканструкцыю стадыёна, збіраючы па драбках грошы, націскаючы на прадпрымальнікаў, бюджэт выдзяляў — падрыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў. Усяму свету прадэманструем! А вы ўжо лезеце на гэты стадыён „Дынама”, калі ёсць месца для правядзення падобных акцый”.
„Таму не псуйце нервы, не ідзіце на канфрантацыю, таму што пасля гэтага пачнуцца нейкія рухі. Давайце збірацца на Бангалоры. Стагоддзе (абвяшчэння БНР.), вялікі этап — адсвяткавалі. Давайце святкаваць у тых месцах, у якіх гэта трэба”, – дадаў Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў апазіцыі.
„Ні на якую Бангалор мы не пойдзем, таму што гэта, як кажуць, „праклятае месца”, — заявіў Павел Белавус і паведаміў, што арганізатары цяпер абмяркоўваюць альтэрнатыўны варыянт правядзення мерапрыемства.
Заяўка на правядзенне 24 сакавіка мітынгу і канцэрту на стадыёне „Дынама” была пададзеная ў Менгарвыканкам 16 студзеня. Яшчэ адно мерапрыемства плануецца правесці на наступны дзень, 25 сакавіка, у тэатра оперы і балета.
У мінулым годзе ў святочным канцэрце і мітынгу, прысвечаным 100-годдзю БНР, каля тэатра оперы і балета прыняло ўдзел каля 50 тысяч чалавек.