Павел Белавус: Попыт на беларусаарыентаваныя тавары ёсць
Заснавальнік і кіраўнік крамы symbal.by Павел Белавус распавёў пра тое, ці прыбытковы беларусаарыентаваны бізнес.
Павел Белавус: Дзякуючы таму, што мы не замкнуліся, як большасць дробных прадпрымальнікаў (у нас ёсць “кропка” на рынку – гэтага дастаткова), бізнес прагрэсуе. У нас іншая пазіцыя – актыўная. Шмат выдатковаем грошай на рэкламу, развіваем з дапамогай новых тэхналогій сайт. І гэта дазволіла зрабіць праект сваёй пастаяннай працай. Я гэтым жыву і зарабляю.
РР: Колькі штодзень набываюць у вас пакупнікі цішотак з арнаментам ці “Пагоняй”?
Павел Белавус: У гэтыя дні ў нас 15 адсоткаў зніжкі на ўсе замовы з нагоды нашага 2-годдзя, і ў выніку за суткі атрымалі больш за 50 замоваў. А так у сярэднім – каля 100 замоваў на тыдзень. Хацелася б болей, таму прыдумваем новыя тавары, новыя рэчы.
РР: Якія перспектывы бачыце для развіцця?
Павел Белавус: Па-першае, хацелася б пераўтварыць сайт у сапрадны партал, які б быў прысвечаны гістарычным сімвалам, мове, культуры, дзе будзе крама, у якой кожны рамеснік можа сам размясціць рэчы, якія ён зрабіў. У будучым, можа быць, зоймемся продажам кніг у электронным фармаце, музыкі. Акрамя таго, пашырым паслугі. Зараз актыўна развіваем выраб рэчаў пад канкрэтнага кліента і забаўляльныя паслугі. У нас вялікая база музыкальных гуртоў, беларускамоўных вядучых. Вось, да прыкладу, замовіць на нейкі карпаратыў ці вяселле на гадзіну Зміцера Вайцюшкевіча каштуе 6 мільёнаў рублёў (на старыя грошы). Таму планаў шмат, будзем працаваць. І галоўнае – ёсць попыт.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя