Павел Бука: Вучыцца, думаць і працаваць па-беларуску
Нягледзячы на ціск, грамадскае аб’яднанне „Інстытут матэматыкі і кібернэтыкі” працягвае адукацыйныя праграмы, прычым на беларускай мове.
Як распавёў Радыё Рацыя дырэктар гэтай установы Павел Бука, справу за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць завялі яшчэ ў мінулым годзе і яна пакуль не закрыта, нягледзячы на адсутнасць фактаў і доказаў. „Канешне, справа крымінальная перашкаджае справе адукацыйнай, аднак мы працягваем працаваць і даволі паспяхова,” – кажа Павел Бука:
– „Інстытут матэматыкі і кібернэтыкі” з’яўляецца навуковай установай, якая займаецца кібернэтыкай, прыкладаннем матэматыкі для разнастайных практычных задач і стварэннем на базе матэматыкі або новых праграм, або новых жалезных прылад.
Беларуская мова дае нам перавагу. Справа ў тым, што склад нашай думкі адбываецца на нейкай мове. І для беларусаў, якія можа нават раслі ў расейскамоўным асяроддзі, расейская мова застаецца ўсё яшчэ чужой. То бок, па-беларуску беларусы думаюць спрытней і хутчэй. І нават рускія, якія пераехалі ў Беларусь, яны беларусізуюцца незаўважна для сябе. Этнографы заўважаюць, што рэакцыі ў іх разка мяняюцца на працягу ўжо пары гадоў. Таму вучыцца па-беларуску, думаць па-беларуску, працаваць па-беларуску – гэта спрашчае працэс. Людзі пачынаюць думаць хутчэй і могуць прыдумаць больш, чым яны маглі гэта зрабіць на замежнай мове.
РР: Вы ствараеце і падмурак для беларускай дзяржавы.
Павел Бука: Менавіта. На жаль, з-за тых праблем, якія ў нас узніклі, мы рухаемся нашмат марудней. У нас хранічна не хапае кадраў. Зараз вялікі ўдар – тое, што ўсіх пачалі забіраць у войска. Гэта значыць, што зноў будзе праблема з юніёрамі. І мы не здолеем яе выправіць у бліжэйшы час. Уся моладзь будзе проста з’язджаць з Беларусі да 27 год. А пасля, калі яшчэ ўвядуць крымінальную адказнасць за ўхіленне, яны ўвогуле не вернуцца ў Беларусь.
Інстытут працягвае працу, распрацоўвае новыя праекты і праграмы, – прынцыпова новыя, для якіх шукае інвестараў. „Мы спадзяемся зрабіць некалькі прарываў, стварыць праграмы новых тыпаў. І зарабіць многа-многа грошай для беларускіх ай-ці, для сябе і трошкі – для беларускай дзяржавы”, – дадаў Павел Бука.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ТУТ бай