Павел Дабравольскі дае паказанні ў Следчым камітэце
Павел Дабравольскі трэці дзень наведвае Следчы камітэт Беларусі, дзе яго апытваюць адносна здарэння ў Фрунзенскім судзе Менску, калі карэспандэнта партала tut.by збілі міліцыянты падчас паседжання па справе графіцістаў.
„Справу вядзе следчы Сямён Піцко, выглядае, што ён сапраўды хоча разабрацца”, – расказвае сваe ўражанні Павел Дабравольскі:
– Ён запытваўся вельмі падрабязна. Калі я штосьці не мог адказаць, ці адказваў не так падрабязна, як ён хацеў, ён гэта перапытваў дадатковымі пытаннямі. Раздрукоўка маіх словаў заняла дзесьці чатыры аркушы. Я перачытаў, некалькі недакладнасцяў знайшоў, мы іх выправілі, зноўку раздрукавалі.
Журналіст парталу Tut.by Павел Дабравольскі быў моцна збіты пасля таго, як пачаў здымаць затрыманне і збіццё актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка ў Фрунзенскім судзе Менску. Актывістаў вывелі з судовай залы, дзе праходзіў працэс над графіцістамі. Паводле журналіста, актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік таксама даюць паказанні ў Следчым камітэце.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя