Павел Дабравольскі: Прыкра, калі журналісты з вялікім досведам так лёгка хлусяць
«Гэта прапаганда і не больш, — сказаў журналіст Павел Дабравольскі пра перадачу на Беларускім тэлебачанні, дзе абмяркоўвалі ягонае збіццё.
Паўла Дабравольскага збілі 25 студзеня непасрэдна ў будынку суда Фрунзенскага раёна Менска. У перадачы беларускага тэлебачання «Клуб рэдактараў» яе вядучы: старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька назваў сітуацыю з журналістам — правакацыяй. А рэдактар «Савецкай Беларусіі» Павел Якубовіч і кіраўнік Белта Дзмітрый Жук яго падтрымалі і фактычна сталі на бок міліцыянтаў.
Павел Дабравольскі назваў такія выказванні хлуснёй.
— Спадары Давыдзька, Якубовіч, Жук абвінавацілі мяне ў правакацыі: была праведзена паралель з Майданам. Гэтыя людзі непрафесійна паўтарылі хлусню Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў і таксама дадалі сваёй. Прыкра, калі журналісты з вялікім досведам, так лёгка хлусяць. Гэтаму ёсць азначэнне: паклёп. Таксама ўзнікае пытанне: ці могуць яны звацца журналістамі і «Клуб рэдактараў» трэба перайменаваць у «Клуб прапагандыстаў».
Журналіста збілі падчас выконвання ім сваіх прафесійных абавязкаў, калі той асвятляў судовы працэс над графіцістамі. Амаль 200 журналістаў падпісаліся пад зваротамі ў падтрымку збітага калегі. У зваротах да Міністэрства інфармацыі і Генеральнай пракуратуры журналісты просяць структуры разабрацца ў сітуацыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя