Павел Дайлід: Адны не прызнаюць, а іншыя баяцца



Меншая колькасць людзей на вуліцах, нежаданне бацькоў адпускаць сваіх дзяцей у школах, дэфіцыт масак і пэўных лекаў у некаторых аптэках — так выглядае сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Івацэвіцкім раёне.

Пра гэта распавёў рэдактар сайта „Першы рэгіён” Павел Дайлід. Ён адзначыў, што частка людзей верыць у існаванне віруса і прадпрымае меры бяспекі, а іншыя думаюць, што гэта проста сусветная змова:

– Бачна, што людзі падзяліліся: адны ўвогуле не прызнаюць, кажуць, што гэта сусветная змова, а іншыя баяцца.  Можна сказаць, што ў Івацэвічах вельмі часта можна пабачыць чалавека ў масцы – гэта ўжо не такая дзіўная з’ява. Ідзеш па вуліцы, кругом людзі ў масках, людзі баяцца канешне. У крамах з’явіліся пазнакі, каб людзі ўтрымлівалі дыстанцыю. Часта бачна, як людзі стаяць уздоўж палоскай.

Паводле Паўла Дайдліда, людзі сталі менш разлічваць на ўладу. Яны ведаюць, што клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе блізкіх павінны найперш самі, паколькі да канца не вядома, ці прадпрымаюць чыноўнікі ўсе неабходныя захады для недапушчальнасці распаўсюду каронавіруса.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце