Павел Дайлід: Людзей перадусім цікавяць свае мясцовыя праблемы
Два гады таму ў інтэрнэт-прасторы з’явіўся новы сайт пад назвай “Першы рэгіён”. Ён належыць прыватнай фірме „Ганцавічы-медыя”.
Пра мэты і задачы сайта расказвае госць Радыё Рацыі, рэдактар Павел Дайлід:
РР: Спадар Павел, раскажыце пра свой сайт.
Павел Дайлід: Мы стваралі гэты сайт у тым рэгіёне, дзе раней былі незалежныя СМІ і цяпер іх няма. Людзі ўсе чытаюць вядомыя рэсурсы, як тут.бай, анлайнер, скажам, рэспубліканскія, але ў людзей вялікая запатрабаванне на сайты, якія могуць пісаць пра невялікія, лакальныя праблемы, якія вельмі хвалююць людзей. Да прыкладу, праблемы дарог, нейкая яміна ў дарозе, люк нейкія вялікі, што машыны падвеску разбіваюць. Канешне, ніякі рэспубліканскі сайт за такую інфармацыю не будзе брацца, а задача „Першага рэгіёну” – дапамагаць людзям у вырашэнні гэтых праблем, каб звярнуць увагу ўладаў на гэтую праблему.
РР: Дастаткова ў вас чытачоў? Ці расцеце вы?
Павел Дайлід: У нас у асноўным навіны невялікіх рэгіёнаў – Івацэвічы, Драгічын, Бяроза, Ганцавічы. Не ў кожным рэгіёне ёсць карэспандэнты, з гэтым вельмі складана, але адбываецца паступовы рост. Пазнавальнасць сайта ў гэтых нашых рэгіёнах вельмі высокая. Мы ствараем розныя суполкі ў сацыяльных сетках, дзе людзі могуць паскардзіцца на свае праблемы. Людзі ведаюць, што сюды трэба звяртацца, бо людзі заўважаюць, што гэта працуе. Калі мы пішам пра нейкую праблему, звычайна на яе рэагуюць улады. Людзі некалькі год дабіваліся, напрыклад, будаўніцтва ходніка ў Івацэвічах. І мы пісалі пра гэта апошні год. І вось зусім нядаўна яго сталі будаваць. Намалявалі няправільны пешаходны пераход. Там смешная сітуацыя, што пешаходны пераход быў з узбочыны ў поле, у яму ўвогуле. Увесь інтэрнэт смяяўся з гэтай сітуацыі. Адразу пасля нашай публікацыі, на наступны ж дзень, прыехалі яго здзіраць. Таму што гэта з парушэннямі было зроблена. Ну і ўвогуле вельмі шмат праблем мясцовых, як, напрыклад, бадзяжныя сабакі. Мы шмат пісалі. У нашых сацыяльных сетках былі вялікія абмеркаванні пра адстрэл бадзяжных сабак. Пасля публікацый мясцовыя ўлады сустрэліся з зоаабаронцамі, тут ёсць жанчыны, якія апякуюцца гэтымі сабачкамі і перажываюць, што іх адстрэльваюць. Натуральна, гэта праблема, сабак шмат, адныя скардзяцца, што сабакі палохаюць дзяцей, якія ў школу ідуць, а іншыя скардзяцца, што гэтых сабак адстрэльваюць. У любым выпадку праблема існуе і яе трэба вырашаць. Зоаабаронцы дамовіліся з уладамі, што будзе стварацца часовы прытулак для гэтых сабак. Гэта, канешне, не гарануе, што гэтыя сабакі ўсе будуць жыць, бо тэрмін іх знаходжання там толькі 5-10 дзён, а потым мусяць іх усыпляць. Але ўлады паабяцалі, калі зоаабарончыя арганізацыі змогуць пракаміць іх, то будуць трымаць іх і болей, пакуль знойдуць гаспадароў для гэтых сабачак. Зараз не так за палітыку матэрыялы збіраюць каментары, як вось за такія праблемы, якія турбуюць людзей. Найбольш папулярная рубрыка гэта “Добро пожаловаться”. Гэта самыя чытаныя артыкулы. Я думаю, што гэта самыя чытаныя артыкулы і сярод чыноўнікаў. Думаю, яны кожны дзень пачынаюць з прачытання гэтага. І трэба сказаць, што ўлады рэагуюць і праз свае СМІ. Скажам, івацэвіцкая раёнка на сваім сайце таксама вяла рубрыку “Добро пожаловаться”. Яны капіруюць. Гэта добра.
РР: Калі не могуць стварыць нечага свайго, то няхай бяруць ваша.
Павел Дайлід: Абы гэтыя праблемы вырашаліся. Улады даганяюць. Яны не разумеюць, як працаваць з інтэрнэтам, яны гэтаму вучацца. І я думаю, існаванне “Першага рэгіёну” іх падштурховае таксама друкаваць менавіта скаргі людзей. Але ўсё роўна гэта робіцца толькі па ўзгадненні з ідэолагамі. Вольна яны ж пісаць не могуць. Таму ў любым выпадку дзяржаўны сектар СМІ будзе прайграваць недзяржаўнаму ў гэтым плане. Таму што людзей цікавіць праўдзівая інфармацыя. Не прыхарошванее праблем, як робіць улада, а тое, што іх агучваюць, тое, што мы робім.
РР: У вас ёсць зваротная сувязь з чытачамі вашага сайта?
Павел Дайлід: Так, канешне. Закон, які ўвёў абавязковую рэгістрацыю каментатараў на сайтах праз тэлефон, ён, канешне, абмяжоўвае каментаванне на сайтах. У прынцыпе мы адыйшлі ад гэтага. Абмяжоўваеце, не праблема. Мы ствараем вайбер-суполкі. У нас у вайберы шмат раённых суполак, куды людзі вольна могуць пісаць, і там не трэба рэгістравацца. Вольна абмярковаюцца ўсе праблемы: і палітыка, і што хочаш. З гэтага мы робім і матэрыялы. І чуем, пра што людзі кажуць. Канешне, мы рэагуем, выязджаем, здымаем, пішам. Таксама дапамагаем людзям пісаць і звароты. Часам людзі не ведаюць, як вырашыць праблему. У нас у рэдакцыі ёсць прафесійны юрыст, які дапамагае скласці скаргу, патлумачыць колькі трэба подпісаў, як іх сабраць. Калі трэба, то мы аказваем і такую дапамогу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя