Павел Дайлід: Людзі не шануюць трагедыю ўласнай сям’і



Дзяды для 76-гадовага Кастуся Кляўчэні з Ганцавіцкага раёна – цяжкі дзень памінавення. Ён не можа схадзіць на магілу адзінага брата Івана, які навечна застаўся ў халоднай сібірскай зямлі, куды іх сям’ю саслалі ў 1951 годзе. Віною перад савецкай уладай стала тое, што брат ваяваў у арміі Андэрса супраць фашыстаў.  Бацька Кастуся памёр адразу пасля вяртання з Сібіры ў 1957-ым. Маці памерла  яшчэ перад ссылкай. 14-гадовы падлетак перажыў 6 страшэнных гадоў  ссылкі і да 1995 года  прахадзіў з кляймом “ворага народа”, кажа яго ўнук гісторык Павел Дайлід:

– Я думаю, калі ўзяць любую беларускую сям’ю, то ў кожнай дзесьці хоць далёкі сваяк, але будзе рэпрэсаваны чалавек. Проста беларусы сёння забываюцца на гэта. Яны думаюць, што гэта не столькі штодзённа. Чамусьці ў нас папулярызуецца тое, што трэба памятаць герояў Вялікай айчыннай вайны, а трагедыю ўласнай сям’і людзі не шануюць.

Паводле Паўла Дайліда, ягоны дзед цяжка перажывае страты і да гэтага часу. І калі б не бесчалавечная савецкая ўлада, у яго жыцці ўсё склалася б па-іншаму.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя