Павел Казлоўскі: Найперш трэба прэстыж службы ўзнімаць



Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі пракаментаваў новы парадак адтэрміновак ад службы ў войску.

Нагадаем, што за прапанаваныя Міністэрствам абароны папраўкі прагаласавала большасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Мінабароны выступіла з ініцыятывай адмяніць адтэрміноўку для навучання ў магістратуры, забараніць выезд за мяжу для тых, хто ўхіляецца ад службы, а таксама забараніць займаць кіруючыя пасады ў сілавых органах і на дзяржаўнай службе.

Павел Казлоўскі: Міністэрства абароны сёння найперш павінна адказаць на шэраг пытанняў. Напрыклад, чаму зараз стала больш тых маладых людзей, якія ўхіляюцца ад арміі? Чаму яны не хочуць з задавальненнем ісці “аддаваць доўг Радзіме”? Чаму бацькі баяцца аддаваць дзіця ў армію і чаму не вераць словам армейскіх начальнікаў, што іх сын будзе знаходзіцца падчас службы ў стоадсоткавай бяспецы?

На мой погляд, менавіта тут трэба сёння шукаць галоўную праблему, бо прэстыж службы ў арміі сёння ўпаў на самую нізкую планку.

РР: Раней было інакш?

Павел Казлоўскі: Я не хачу, каб мае словы палічылі пафаснымі, але раней малады чалавек ганарыўся, калі праходзіў армейскую школу. Так, былі праблемы ў арміі ва ўсе часы, была і “дзедаўшчына” і іншыя некаторыя не вельмі добрыя праявы. Але ж прэстыж службы захоўваўся.

А сёння моладзь наогул лічыць ледзь не “лохамі” тых, хто вырашыў пайсці на службу ў армію. І ўсё гэта адбываецца на фоне, калі бацькам сына нярэдка адпраўляюць з арміі ў труне. І гэта ў мірны час.

Таму прымусіць служыць у арміі, безумоўна, можна праз розныя забароны, але што з гэтага можа атрымацца? Таленавітая моладзь яшчэ больш будзе пакідаць краіну, разумныя людзі з’едуць за мяжу.

Таму з “ухілістамі” можа і трэба змагацца, але ж не трэба перагібаў. Падыміце прэстыж службы, і не трэба будзе ніякіх забаронаў. Мне знаёмыя з Мінітэрства абароны адносна не так даўно распавядалі, што нават многія афіцэры зараз пакідаюць службу. Закончаць вучылішча, адпрацуюць гады два-тры і ўцякаюць на “грамадзянку”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org.