Павел Латушка: Беларусь – гэта наша адказнасць



30 кастрычніка адбудзецца II Сусветны Кангрэс Беларусаў. Мерапрыемства  пройдзе ў анлайн-фармаце. Тэмы і экспертаў, якія іх абмяркуюць, можна выбраць праз спецыяльную форму на сайце belaruscongress.org. Кожны ахвочы можа прапанаваць, што абмеркаваць, так і вырашыць, чые думкі хоча пачуць падчас мерапрыемства.

Са сваімі прапановамі выступіў лідар НАУ Павел Латушка:

–  Перад усім гэта рэальнае адзінства. Мы таксама павінны ствараць інстытуты народнай улады, і Кангрэс можа быць адным з важных крокаў да гэтага. Наступныя інструменты – гэта дасягненне міжнароднага непрызнання Лукашэнкі і яго ўраду, вызначэнне прававога статусу дыктатара і яго памагатых як злачынцаў, якія ўчынілі і працягваюць учыняць злачынствы супраць беларускага народа і грамадзян іншых краін. Нам неабходна аб’яднацца ў рэальнай працы ўсім палітычным сілам і ініцыятывам па падрыхтоўцы ўсебеларускага страйку, пашыраць актыў беларусаў, як унутры, так і за мяжой, выкарыстоўваючы платформу плана “Перамога” і пашыраць формы мірнага пратэставага руху.

Стратэгічна важна абмеркаваць, як супрацьстаяць пагрозе паглынання Беларусі Расеяй. Беларусь – гэта тая каштоўнасць, якая належыць кожнаму і ўсім нам. І Беларусь – гэта наша адказнасць.

На думку Паўла Латушкі, важна, каб на Сусветным Кангрэсе Беларусаў адпаведнай рэзалюцыяй былі зацверджаны стратэгічныя накірункі.

Беларускае Радыё Рацыя