Павел Латушка: Я перакананы, што мы вернемся
Сёння чарговы, ганаровы госць Радыё Рацыя – былы амбасадар і экс-міністр культуры, сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Давайце паразмаўляем пра Дзень роднай мовы, які сёння адзначаецца. І, напэўна, трэба павіншаваць беларусаў з гэтым днём.
– Канешне, варта павіншаваць. Варта адзначыць, што для любой нацыі, для любой краіны вельмі важным пытаннем з’яўляецца мова. Беларуская мова – гэта наш сімвал, сімвал незалежнасці, сімвал павагі, сімвал інтэлігенцыі, адукаванасці. Калі мы шануем нашу родную мову, мы паважаем яе, значыць мы паважаем яе карані, тых, хто прынёс нам матчына слова да сённяшняга дня. І мы тады можам з упэўненасцю глядзець і ў будучыню.
Ведаеце, вельмі часта дыскутуецца гэтае пытанне. Я заўжды кажу так: калі ты можаш размаўляць па-беларуску – калі ласка, калі ты не можаш размаўляць па-беларуску – шанаваць абавязаны. Так што давайце размаўляць і шанаваць і рабіць гэта сваім прыкладам.
РР: Акурат у Купалаўскім тэатры Аляксандр Лукашэнка між іншым сказаў і пра мову. Ён сказаў, што нацыяналізм – гэта не размова на мове па-беларуску. Вось так ён часам выказваецца. Скажыце, калі вы сачылі за гэтай інфармацыяй у Купалаўскім тэатры, гэта добра ці дрэнна?
– Ведаеце, каментаваць словы Лукашэнкі ўвогуле не выпадае. Гэта асоба, якая не адказвае ні за адно сваё слова. На жаль, гэта чалавек, які падмануў і працягвае падманваць беларускі народ і не толькі, а ўжо пачаў і „прэсаваць”беларускі народ.
Я ведаю пра наведванне Купалаўскага тэатра, яно рыхтавалася некалькі разоў, яно адкладвалася. Звязана гэта было з банальнасцю, з той сітуацыяй, што ніхто з артыстаў не хацеў граць для Лукашэнкі, выступаць на “Паўлінцы”. Новае кіраўніцтва не магло набраць новы склад.
І гэта не атрымалася, бо калі мы пабачылі на кадрах тое, што было на святой сцэне Купалаўскага, на святой, я падкрэсліваю, бо чалавек, які падазраецца ў здзяйсненні шматлікіх злачынстваў, трапляе на гэтую сцэну, гэта – абраза нашай святой гістарычнай сцэны.
Калі мы пабачылі, мы не ўбачылі галоўнага – таго, што там няма трупы, няма купалаўцаў. Гэта ўсё ілюзія, падман, які ён стварае сам для сябе, верыць у гэта і спрабуе пераканаць іншых. Але вось была апытанка, колькі людзей гатовыя паглядзець новую “Паўлінку” ў новым складзе, і там амаль 95-96% сказалі, што ніколі не пойдуць.
Зноў гэта быў фарс, гэта быў тэатр аднаго акцёра. На жаль, што гэта адбылося ў самым слаўным і важным для нас інстытуце культуры – нацыянальным скарбе, нацыянальнай спадчыне, залатым фондзе беларускай нацыі – Купалаўскім тэатры. Але я перакананы, што мы вернемся.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя