Павел Левінаў: Мне адмовілі ў секундных пікетах



Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў распавядае, як у Віцебску гарадскія ўлады рыхтуюцца да Міжнароднага дня правоў чалавека.

Павел Левінаў звярнуўся ў дзве раённыя адміністрацыі гораду па дазвол на правядзенне пікетаў 10 снежня – у Міжнародны дзень правоў чалавека. І паўсюль атрымаў адмову.

Павел Левінаў: Я кожны год, напярэдадні 10 снежня, падаю заяўкі на правядзенне пікетаў. І ніводнага разу за дзесяць гадоў мне не дазволілі правесці пікет, ці то ў Міжнародны дзень правоў чалавека, ці то ў іншыя дні. Ёсць нават рашэнне Камітэта ААН, дзе прызнаецца парушэнне маіх правоў. А ў гэтым годзе я вырашыў дзейнічаць крэатыўна, а таму папрасіў дазволы на імгненныя пікеты – працягласцю ў 1 секунду. І што вы думаеце? Нават гэта не дазволілі. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебска спаслалася, што ў мяне не заключаны дамовы з міліцыяй, медыкамі, службамі ЖКГ. А адміністрацыя Першамайскага раёна паведаміла, што не прайшоў яшчэ год з моманту ўступлення ў сілу пастановы аб прыцягненні мяне да адміністрацыйнай адказнасці за фотасесію з папяровымі птушкамі.

РР: Адным словам, вашым памкненням не збыцца?

Павел Левінаў: Па-першае, адмовы я буду абскарджваць у судовым парадку. Па-другое, пікеты ў любым выпадку будуць, нягледзячы на тое, што мне адмовілі. Па-трэцяе, 10 снежня я наведаюся ў раённыя адміністрацыі да чыноўнікаў і падару ім Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Там жа напісана, што дзяржава, якая падпісала Усеагульную дэкларацыю, павінна садзейнічаць яе большаму распаўсюду. І, калі нас яшчэ за гэта прыцягнуць да адказнасці, то будзе поўны здзек і над Еўропай, і над правамі чалавека. Зрэшты, нічога новага тут няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org