Павел Левінаў: Пікет пад чырвона-зялёнымі сцягамі каля латвійскага консульства – незаконны
Віцебскі праваабаронца звярнуўся да кіраўніцтва аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна з патрабаваннем пакараць удзельнікаў мітынгу 27 траўня.
У той дзень прадстаўнікі праўладных грамадскіх структур сабраліся каля латвійскага консульства ў Віцебску, каб выказаць нязгоду з учынкам латвійскіх чыноўнікаў, якія знялі дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і вывесілі замест яго нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг з “Пагоняй”. Чамусьці правам на свабоду сходаў у Віцебску дазваляюць карыстацца не ўсім, кажа праваабаронца:
– Як праваабаронца, я разумею, што ў кожнага грамадзяніна ёсць права на свабоду сходаў і свабоду меркаванняў.І гэтыя грамадзяне з пункту гледжання правоў нічога не парушылі. Але чаму тады ўлады парушаюць правы іншых грамадзянаў? Простыя грамадзяне з 2009-га года не могуць атрымаць дазволу нават на адзіночны, аднасекундны пікет.
Заяўку на пікет працягласцю адну секунду падаваў калісьці сам праваабаронца. Дазволу ён так і не атрымаў.
Цяпер Павел Левінаў звяртае ўвагу міліцыі на тое, што мітынг каля латвійскага консульства відавочна быў несанкцыянаваным. Арганізатары фізічна не маглі выканаць патрабаванне заканадаўства, што да тэрмінаў: заяўка мусіла быць пададзена за 15 дзён да імпрэзы, але мітынг адбыўся праз пару дзён пасля інцыдэнту са сцягам, і прадказаць гэта было немагчыма. Тым не менш, дзясяткі людзей асудзілі, да прыкладу, за пікеты ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку: міліцыянты настойвалі, што заяўкі трэба было падаваць за 15 дзён да здарэння.
Праваабаронца звяртае ўвагу і на тое, што мітынг каля латвійскага консульства асвятлялі журналісты дзяржаўных СМІ, хаця за асвятленне несанкцыянаваных мерапрыемстваў таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск