Павел Левінаў пісьмова распавёў у міліцыі пра акцыі зніжак у віцебскіх крамах
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў лічыць незаконнымі дзеянні маёра Аляксандра Рыбакова. Праваахоўнік папрасіў паясніць праваабаронцу, што яму вядома пра акцыю ад 5 лістапада 2014 года. На што ў пісьмовым адказе Павел Левінаў пералічыў акцыі са зніжкамі ў мясцовых крамах. «Пра іншыя акцыі 5 лістапада мне нічога невядома», – напісаў Левінаў маёру і паскардзіўся на яго ў пракуратуру.
– Многімі былі напісаны пракурору горада скаргі на яго супрацьпраўныя дзеянні і прысваенне сабе ўладных паўнамоцтваў і паўнамоцтваў іншай галіны ўлады. І пракурор, па-мойму, абавязаў начальніка РАУС правесці службовую праверку ў адносінах да гэтага афіцэра. Я палічыў, што гэты афіцэр не можа быць незалежным суб’ектам для таго, што бы праводзіць са мной нейкія працэсуальныя дзеянні.
Павел Левінаў зараз заняты пошукамі адваката ў Літве, таму не змог з’явіцца па позве да маёра Рыбакова. Віцебскага праваабаронцу прыцягваюць да адказнасці разам з іншымі ўдзельнікамі фотасесіі на вуліцы Ільінскага, каля былога будынка раённага дома культуры. Цяпер на іх заводзяць адміністрацыйныя справы і прызначаюць суды. Ідэя фотасесіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую невядомым мастаком-графітыстам: на сцяне будынка намаляваны птушкі, зробленая з газеты, якія вылятаюць з клеткі. Удзельнікі фотасесіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газеты птушак-арыгамі. Паводле высновы начальніка аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, гэта быў пікет, а прысутныя „выказвалі свае грамадскія і палітычныя перакананні”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя