Павел Левінаў: Улада хоча ўзяць пад каўпак свабоду слова
Сёння госць Рацыі праваабаронца, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў – Павел Левінаў.
Размова пойдзе пра змены ў Закон аб СМІ і пра адказнасць, якая прадугледжаная за каментары, посты і перапосты. Таксама закранём пытанне магчымай забароны фатаграфавання людзей у грамадскіх месцах.
РР: Змены ў Закон аб СМІ, чым яны будуць небяспечныя для рэдакцый СМІ і журналістаў-фрылансераў?
Павел Левінаў: Гэта рэпрэсіўны закон, які пасягае на свабоду слова, свабоду атрымання, распаўсюджвання і захавання інфармацыі. І ў новай рэдакцыі гэтых абмежаванняў стала яшчэ больш.
РР: Закон тычыцца прафесіяналаў, а ёсць яшчэ простыя грамадзяне, якія таксама падпадаюць пад артыкулы гэтага закона, напрыклад тое, што тычыцца каментароў на сайтах, у сацсетках, лайкаў, перапостаў. Як сябе абараніць?
Павел Левінаў: Людзям трэба быць, з аднаго боку, асцярожнымі. З іншага боку, гэты закон якраз для таго, каб узяць пад каўпак не толькі свабоду журналістыкі, а і свабоду выказвання думкі простых грамадзян. А па-трэцяе, сам Закон аб СМІ ў артыкуле 3 гаворыць, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на юрыдычных асобаў. І тут рэдакцыі і рэдактары СМІ мусяць быць асцярожнымі. Нашыя грамадзяне ў асноўным законапаслухмяныя. Так, яны часам пішуць рэзка, але праўду. Але мы ведаем, што наша ўлада можа рабіць правакацыі. І каб не атрымаць той жа крымінальны пераслед, трэба быць увесь час пільнымі.
РР: Ужо пачалі заводзіць адміністрацыйныя справы і караць штрафамі. За якія парушэнні?
Павел Левінаў: Пакараць можна за што заўгодна. Не выплацілі заробак, чалавек рэзка выказаўся пра гэта. І ўлада можа, што паказвае практыка, і экстрэмізм угледзець, і заклік да звяржэння існуючага строя.
РР: І якая прадугледжана адказнасць?
Павел Левінаў: Пакуль да 50 базавых велічынь. Гэта не адзін так званы сярэдні заробак па краіне. А калі ўзяць рэгіёны, то калі атрымаць такі штраф, то гэта фактычна азначае пакінуць сям’ю на тры месяцы без сродкаў. Таму яшчэ раз кажу, што гэта рэпрэсіўны закон, каб прымусіць чалавека перастаць думаць і выказваць сваё меркаванне.
РР: Зараз кажуць пра тое, што ўлады збіраюцца прыняць артыкул, які прадугледжвае адказнасць за фатаграфаванне людзей, быццам ты ўмешваешся ў іх прыватнае жыццё.
Павел Левінаў: Улада наша на выдумкі мастак. Канешне, я за тое, каб таямніца майго асабістага жыцця была захавана. Таямніца – гэта за маім плотам, за дзвярыма кватэры, у маім аўтамабілі, на маім лецішчы. Але прабачце, калі я знаходжуся ў грамадскім месце, то пра якое ўмяшанне ў асабістае жыццё можа ісці гаворка? Тады ў нас відаць і першых, другіх і трэціх асоб дзяржавы нельга будзе паказваць па тэлебачанні? Наша ўлада можа прыдумаць што заўгодна.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: DW